У Мінску будзе пабудаваны першы ў Беларусі смеццеспальвальны завод

20 января 2019

Ён зможа перапрацоўваць каля 500 тысяч тон адходаў за год і вырабляць цеплавую і электрычную энергію. Пра гэта падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі расказала дырэктар прадпрыемства "Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў".

Наталля Грынцэвіч, дырэктар ДУ "Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў": "У Мінску ўтвараецца каля 25 % адходаў ад усіх адходаў, што ўтвараюцца ў рэспубліцы. З улікам таго, што застаўся па сутнасці адзін дзеючы палігон, для горада вельмі востра стаіць праблема абыходжання з адходамі, таму неабходна будаўніцтва смеццеспальвальнага завода. Ужо вызначаны ўчасткі для яго размяшчэння, праводзіцца папярэдняя работа па пошуку інвестараў. І я думаю, у найбліжэйшы час пачнецца будаўніцтва гэтага завода".

Эксплуатацыю дзеючага палігона плануецца спыніць праз чатыры гады. Агульнасусветная практыка спальвання адходаў дазваляе скараціць іх колькасць да 10-15 % ад першапачатковай масы. Смеццеперапрацоўчыя ўстаноўкі дазволяць выкарыстоўваць частку смецця як паліва, пры спальванні якога будзе выпрацоўвацца цеплавая і электрычная энергія для патрэб самога прадпрыемства.

Падрабязную тэкставую версію і відэатрансляцыю глядзіце на сайце tvr.by, афіцыйным YouTube-канале і ў сацыяльных сетках Агенцтва тэленавін.