У Мінск з афіцыйным візітам прыбыў прэм'ер-міністр Мазамбіка

22 июля 2014

Візіт падоўжыцца некалькі дзён. За гэты час Альберту Вакіна наведае Мінскі трактарны завод, прадпрыемства Азярыцкі-Агра, Мірскі і Нясвіжскі замкі. Таксама запланаваныя сустрэчы на вышэйшым узроўні.


Расказвае Дар'я Белавусава-Пятроўская: Чырвоная дарожка, рота ганаровай варты, кветкі і хлеб-соль - прэм'ер-міністра Мазамбіка сустракалі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск згодна з усімі правіламі афіцыйнага цырыманіялу. Альберту Вакіна прыбыў у Беларусь, каб асабіста пазнаёміцца з гандлёва-эканамічнымі магчымасцямі нашай краіны. У першую чаргу гэта датычыцца аграпрамысловага сектара.


Мазамбік - аграрная краіна, больш за 80% насельніцтва працуюць у сферы сельскай гаспадаркі. Пры гэтым амаль 90% урадлівых земляў застаюцца неапрацаванымі.


Марыа Сарайва Нгуэнья, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Мазамбіка ў Расіі, Украіне і Беларусі: Нам вельмі важна пераняць той вопыт, які Беларусь назапасіла ў галіне развіцця сельскай гаспадаркі. Гэта датычыцца як вырабу сельскагаспадарчай тэхнікі, так і будаўніцтва і кіравання аграгарадкамі. І паколькі Мазамбік - гэта аграрная краіна, мы ведаем, што Беларусь надае вельмі вялікую ўвагу гэтаму пытанню. Таксама ў Беларусі вельмі высокі ўзровень кантролю якасці прадуктаў харчавання.


Мазамбік - дзяржава ва Усходняй Афрыцы. Некалькі стагоддзяў гэтыя землі былі калоніямі Партугаліі. У 1975 годзе краіна здабыла незалежнасць, але пачалася грамадзянская вайна, якая скончылася толькі ў пачатку нулявых. Таму сёння, каб аднавіць сваю эканоміку, Мазамбік мае патрэбу ў дапамозе і вопыце іншых дзяржаў. І супрацоўніцтва з Беларуссю ўзаемавыгаднае для абедзвюх краін.


Валянцін Рыбакоў, намеснік міністра замежных спраў Беларусі: У нетрах Мазамбіка вельмі шмат карысных выкапняў. Абодва бакі павінны быць зацікаўленыя ў максімальным пашырэнні супрацоўніцтва, якое існавала і вельмі актыўна прасоўвалася яшчэ ў часы СССР. Спадзяюся, што гэты візіт будзе спрыяць развіццю двухбаковых адносін, у першую чаргу, у гандлёва-эканамічнай сферы, бо палітычныя адносіны вызначаюцца дастатковай стабільнасцю.


Дыпламатычныя адносіны нашы дзяржавы ўсталявалі 14 гадоў таму. З тых часоў Беларусь пастаўляе ў Мазамбік калійныя ўгнаенні, дарожную і будаўнічую тэхніку. З 2012 года працуе сумеснае прадпрыемства БелАфрыка - яно займаецца пастаўкай беларускай тэхнікі ў Мазамбік. Кошт транспартных кантрактаў сёлета ўжо перавысіў трыццаць мільёнаў долараў. І сёння гаворка ідзе ўжо не толькі пра пастаўкі сельскагаспадарчай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі. У перспектыве арганізацыя зборачнай вытворчасці.