У МЗС пракаменціравалі ўвядзенне новых адзіных ставак консульскіх збораў за выдачу віз іншаземцам

5 января 2017

Беларусь нязменна выступае за кампетэнтны дыялог па ўсіх пытаннях будаўніцтва БелАЭС па лініі профільных ведамстваў. Гэта заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык, каменціруючы прызначэнне Літвой  спецыяльнага  пасла па пытаннях будаўніцтва БелАЭС. Тым часам літоўскі бок афіцыйна не паведамляў МЗС ні наконт абавязкаў, ні  наконт паўнамоцтваў, ні  наконт  персаналіі пасла.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Калі літоўскаму боку для больш эфектыўнага дыялогу з намі патрабуецца каардынатар у сценах МЗС, то гэта яго права, і мы гэта можам толькі вітаць. Калі ж гэтая пасада ўводзіцца толькі  з мэтай далейшай палітызацыі пытання, пераносу дыскусій на міжнародныя пляцоўкі, якія часта не маюць ніякага дачынення ні да ядзернай тэматыкі, ні да энергетыкі, ні да экалогіі, то ў такім разе гэта хутчэй контрпрадукцыйны крок".

Таксама Дзмітрый Мірончык  растлумачыў сітуацыю з дагаворам аб Мытным кодэксе ЕАЭС. Раней ён быў падпісаны чатырма дзяржавамі Саюза. Як адзначыў афіцыйны прадстаўнік знешнепалітычнага ведамства, беларускім бокам пакуль падпісаны ўказ аб правядзенні перамоў па праекце дагавора і яго падпісанні. Гэта  стандартная  працэдура, прадугледжаная законам Беларусі і міжнароднымі дагаворамі.

Дзмітрый Мірончык, начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар МЗС Беларусі: "Усе прынцыповыя пытанні па праекце міжнароднага дагавора, як правіла, узгадняюцца загадзя. Але да самага апошняга моманту, пакуль пад дакументам не стаяць усе неабходныя подпісы, у яго могуць уносіцца пэўныя карэктывы. Так што тут няма нейкіх прычын для спекуляцыі. Указам  адобраны праект Мытнага кодэкса ЕАЭС і  дадзеныя паўнамоцтвы на яго падпісанне".

Што да самога дакумента, ён павінен павысіць інвестыцыйную прывабнасць і транзітны патэнцыял нашай краіны.

І, нарэшце, у МЗС пракаменціравалі ўвядзенне з 1 студзеня новых адзіных ставак консульскіх збораў за выдачу віз  іншаземцам.

Кошт індывідуальнай беларускай візы (незалежна ад колькасці ўездаў) зніжаны да 60-ці еўра. Групавой - да 10-ці еўра з чалавека. Пры гэтым грамадзяне Польшчы і дзяржаў Балтыі аплачваюць консульскі збор па  зніжаным тарыфе. У МЗС адзначылі, што беларускі бок будзе рады вітаць любыя крокі замежных партнёраў па спрашчэнні або адмене візавага рэжыму з нашай дзяржавай.