На міжнароднай выставе "ХарчЭкспа" ў намінацыі "Малочная прадукцыя" 80 % узнагарод - у Беларусі

10 февраля 2017

Сёння беларуская малочная прадукцыя яшчэ раз даказала, што айчынныя сыры, тварог, смятана і згушчанае малако - лепшыя не толькі сярод краін СНД, але і Еўропы. На міжнароднай выставе "ХарчЭкспа" ў Маскве ўдзельнічала 57 краін свету і ў намінацыі "Малочная прадукцыя" 80 % узнагарод у Беларусі. Сярод лідараў - прадпрыемства "Бабушкина крынка”. 27 узнагарод - 2 бронзавыя, 6 сярэбраных і 18 залатых. Акрамя таго, за стабільны выпуск якаснай прадукцыі холдынг прызнаны лепшым прадпрыемствам 2017 года.

Наш маскоўскі карэспандэнт Дар'я Белавусава-Пятроўская першай павіншавала пераможцаў і асабіста ацаніла якасць прадукцыі. Штогод самая буйная ў Расіі выстава прадуктаў харчавання збірае дзясяткі тысяч удзельнікаў з усяго свету. Сярод краін СНД найбольш маштабна прадстаўлена Беларусь. Сёлета ў выставе ўдзельнічаюць 86 кампаній, кожная чацвёртая з іх - вытворцы малочнай прадукцыі.

Вызначыць, у каго прадукт больш смачны, можна па чарзе на дэгустацыю. Ля беларускага стэнда "Бабушкина крынка" з года ў год удзелу ў "ХарчЭкспа" заўсёды сапраўдны натоўп. Прычым айчынныя сыры, смятана, тварог і ёгурты карыстаюцца папулярнасцю ў расіян любога ўзросту.

На малочным рынку холдынг "Бабушкина крынка" ужо больш за 10 гадоў. 30 % прадукцыі ідзе на ўнутраны рынак, астатняе на экспарт. Густ і якасць беларускай малочнай прадукцыі ўжо ацанілі ў шматлікіх краінах свету, ад Грузіі да Кітая, але, вядома, асноўны пакупнік - Расія.

Холдынг "Бабушкина крынка" выпускае каля 400 відаў прадукцыі. Ад традыцыйнай - гэта малако, кефір, смятана, ражанка - да сыроў з арыгінальным смакам. Напрыклад, каляровыя сыры з натуральнай зелянінай, базілікам і маяранам або сыры са смакам вінаграду. Сёлета не абышлося без прэм'ер. На выставе ўпершыню прапанаваны сыр, які выспявае 90 дзён у спецыяльнай латэкснай абалонцы. Яна ахінае змесціва, нібыта яечная шкарлупіна, ад гэтага смак становіцца больш яркім і насычаным. Першы выхад на расійскі рынак адбыўся ў натуральнага ёгурта "Грэчаскі".

Спадабаўся і беларускі пламбір. Шакаладны, ванільны, вішнёвы, фісташкавы, дзіцячую серыю "Вясёлыя ўнучаты" ацанілі і дарослыя.

У міжнароднай выставе ""ХарчЭкспа" сёлета ўдзельнічала больш за 85 беларускіх прадпрыемстваў і ніхто сёння не застаўся без узнагароды. Адразу 17 залатых медалёў у айчынных мясакамбінатаў і сапраўднае багацце ў прадпрыемстваў малочнай прадукцыі. У лідарах "Бабушкина крынка". 27 узнагарод - 2 бронзавыя, 6 сярэбраных і 18 залатых медалёў. А сам холдынг за стабільны выпуск якаснай прадукцыі прызнаны лепшым прадпрыемствам 2017 года.