У Любанскім раёне працягваецца будаўніцтва Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната

1 апреля 2019
Крок наперад у рэалізацыі аднаго з найбуйнейшых інвестыцыйных праектаў Беларусі! У Любанскім раёне працягваецца будаўніцтва Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната. У перспектыве прадпрыемства будзе выпускаць штогод два мільёны тон калійных угнаенняў. Кампанія "Слаўкалій" разам з падрадчыкамі кожны дзень прарублівае ўглыб шахтныя ствалы на тры метры. Фінальная адзнака ў нетрах зямлі - семсот дваццаць метраў. Гэтай глыбіні дасягнуць два комплексы з незвычайнымі для тэхнікі імёнамі - "Вольга" і "Ульяна".

Дзяніс Іголка, тэхнічны дырэктар праекта комплексу кампаніі-падрадчыка: "Тэхналогія ўнікальная ў тым, што работа па праходцы ствала вядзецца ў аўтаматызаваным рэжыме, без прысутнасці людзей у забоі. Работы выконваюцца без ужывання бура-ўзрыўнога спосабу. І паралельна вядзецца бетанаванне і ўмацаванне шахтнага ствала. На пляцоўцы працуюць разам з інжынерным складам каля 380 чалавек, з якіх 75-80 % - гэта беларускі калектыў".

Ужо гатовая і пляцоўка для водазабору і помпавых станцый. Нежынскаму камбінату спатрэбіцца за суткі больш як шэсць тысяч кубаметраў вады.

Аляксандр Ільін, намеснік кіраўніка праекта ЗТАА "Слаўкалій": "Праектам па водазаборы прадугледжана 6 вадзяных свідравін, на сёння мы прасвідравалі ўжо тры, у гэтым месяцы мы з падрадчыкам яшчэ прасвідруем тры. Зараз ідзе пракладка вадаправода, выконваецца будаўніцтва высакавольтнай лініі для запіткі вадзяных свідравін".

Сёлета калійная сфера Беларусі ўзмоцніцца яшчэ адным магутным аб'ектам. "Беларуськалій" плануе адкрыць новы горна-ўзбагачальны камбінат у Петрыкаве.