У Лагойскім раёне працягваюцца комплексныя вучэнні па абароне насельніцтва ад надзвычайных сітуацый

22 августа 2019

Супрацоўнікі МНС  сумесна  з усімі экстраннымі і  аварыйнымі службамі  адпрацоўваюць элементы  выратавання грамадзян ад  наступстваў прыродных стыхій і ўзгаранняў. Сёння яны адправіліся  ў гарналыжны комплекс,  дзе  трое людзей  затрымаліся на вышыні  больш як  5 метраў. Момант выратавання ўбачыў і  Мікіта Дзяменцьеў.

Атрымаўшы ўводную, начальнік канатнай дарогі спяшаецца на дапамогу да сваіх калег. У выніку ўзгарання ў пункце кіравання пацярпелі два чалавекі і тры затрымаліся на пяціметровай вышыні. Задача - максімальна хутка аказаць дапамогу пацярпелым і ліквідаваць узгаранне. 

На комплексных вучэннях адпрацоўваюць розныя надзвычайныя сітуацыі, нават самыя неверагодныя, але не менш небяспечныя. Напрыклад, зараз перад ратавальнікамі стаіць задача паспяхова зняць людзей, якія затрымаліся на канатнай дарозе. Тым часам тэхнічныя службы занятыя рамонтам транспартнай канаткі.

Начальнік варты Лагойскай выратавальнай станцыі Канстанцін Лашкевіч не падзяляе намаганні на вучэннях ад рэальнага выкліку. Кажа, што, калі даць слабіну тут, то яна выявіцца і на службе. Тым больш дома чакаюць чатырохгадовая дачка і каханая жонка. 

Тую самую небяспеку на сабе адчуў і Іван Галак. Яму выпала роля - ён захрас на канатнай дарозе, і для выратавання давялося саскочыць з вышыні на "куб жыцця". Так называецца выратавальны батут. 

Акрамя адпрацоўкі выратавальных аперацый і пазаштатных сітуацый, спецыялісты праверылі працу сістэм апавяшчэння насельніцтва. За два дні ратавальнікі сумесна з усімі экстраннымі службамі адпрацавалі выратаванне на вадзе, ліквідацыю аварый на дарогах і наступствы ўрагану.