У Лагойскім раёне адкрылася каняферма, дзе атрымліваюць малако, а ў перспектыве плануюць наладзіць вытворчасць кумысу. Карысны прадукт даюць малочныя пароды капытных – амаль паўтысячы рускіх і літоўскіх цяжкавозаў. За суткі на ферме апрацоўваюць больш за паўтары тоны малака.
Расказвае Аляксандр Харавец.
Яшчэ тры гады таму на гэтым месцы было чыстае поле. Сёння тут сучасная каняферма, аналагаў якой пакуль няма ў краіне. Больш за паўтысячы рускіх і літоўскіх цяжкавозаў не ведаюць, што такое скачкі або праца ў полі. Зрэшты, не для гэтага яны прызначаны, заўважае галоўны заатэхнік фермы.
Калі кабыла дасягае чатырохгадовага ўзросту, яна пачынае даваць малако. Дойны статак сёння складае 200 галоў. Астатняя частка летам знаходзіцца на выпасе ў спецыяльных загонах.
У рацыёне жывёл пераважаюць травы злакавых культур і авёс у выглядзе мюслі. У сярэднім за дзень коні з'ядаюць амаль 4 кілаграмы такога ласунку. Прыемнага апетыту.
Дояць жывёл 8 разоў на дзень. Увесь працэс доўжыцца не больш за дзве хвіліны. За адзін раз кабыла дае паўтара літра малака. Паводле слоў Ганны Галаўко, гнядыя не заўсёды ахвотна яго аддаюць, таму прыходзіцца ісці на хітрыкі. У даільную залу першымі запускаюць жарабят.
За суткі на ферме атрымліваюць амаль паўтары тоны малака. Увесь працэс закрыты. Па спецыяльных трубах яно трапляе ў спецыяльную цыстэрну - «танк» малочнага цэха. Ахалоджваецца і адпраўляецца на перапрацоўку. Там яго пастэрызуюць пры тэмпературы 78 градусаў і разліваюць па бутэльках.
З адкрыццём фермы рабочыя месцы атрымалі звыш 80 чалавек. Паводле слоў дырэктара, інвестыцыі ў вытворчасць малака склалі некалькі мільёнаў долараў. Стаўку тут зрабілі на экалагічна чысты і карысны прадукт.
Сёння такі прадукт можна ўбачыць на паліцах буйных гіпермаркетаў нашай краіны. Кошт адной бутэлькі – крыху больш за тры рублі. Частку карыснай прадукцыі адпраўляюць на экспарт. А восенню тут абяцаюць наладзіць выпуск і кумысу – кісламалочнага прадукту.













