У Крычаве адкрыўся завод па выпуску цэментава-стружкавых пліт

10 октября 2015

У Магілёўскай вобласці днямі запрацавала новая вытворчасць. У Крычаве адкрыўся завод па выпуску цэментава-стружкавых пліт. Прадукцыя імпартазамяшчальная. Інвестыцыі - замежныя. Дзякуючы Указу Прэзідэнта аб развіцці паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці, бізнесмены атрымалі льготныя ўмовы для вядзення бізнэсу.

І вяртаючыся да тэмы кампаніі па выбарах Прэзідэнта, у Магілёўскай вобласці, па словах назіральнікаў, усё праходзіць у адпаведнасці з заканадаўствам. Сёлета створаны ўсе ўмовы і для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Падрабязней - Юрый Пракапенка.

Шмат увагі ў гэтай выбарчай кампаніі нададзена безбар’ернаму асяроддзю.

Участкі для галасавання абсталяваны пандусамі - для зручнасці не толькі інвалідаў-калясачнікаў, але і для бацькоў з маленькімі дзецьмі.

Для інвалідаў па зроку - бюлетэні і памяткі са шрыфтам Брайля, якія дазваляюць галасаваць без дапамогі суправаджальніка. На ўсіх участках ёсць павелічальнае шкло. Новаўвядзенні, аднак, не адмяняюць правы невідушчага выбаршчыка скарыстацца пры неабходнасці дапамогай іншага чалавека, акрамя прадстаўнікоў выбаркама, назіральнікаў і журналістаў. Мікалай Варапай, нягледзячы на праблемы са зрокам, на выбары ходзіць заўсёды. З лёгкасцю разабраўся са спецыяльным трафарэтам бюлетэня.

Для тых, хто па стане здароўя не зможа прыйсці на выбары, перашкод таксама не ўзнікне. Ім па-традыцыі прапануюць прагаласаваць дома, у асноўны дзень выбараў.

І да іншай тэмы.

На гэтым тыдні ў Крычаве адкрылася новае сучаснае прадпрыемства па выпуску цэментава-стружкавых пліт.

Адно з найбуйнейшых у раёне пасля ўзвядзення цэментавага завода.

Такі будаўнічы матэрыял раней набывалі за валюту. Але айчынныя цэментава-стружкавыя пліты атрымліваюцца больш таннымі. У перспектыўнае прадпрыемства вырашылі зрабіць інвестыцыі аўстрыйскія бізнесмэны.

Дзякуючы Указу Прэзідэнта аб развіцці паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці, інвестары атрымалі льготныя ўмовы для вядзення бізнесу на гэтай тэрыторыі. А новы завод у Крычаве стаў першым буйным праектам, які даў новыя рабочыя месцы людзям і дадатковы прыбытак у бюджэт - паўтара мільярда рублёў.

Магутнасць завода - 60 тысяч квадратных метраў цэментава-будаўнічых пліт у год. Хопіць, каб забяспечыць патрэбнасці ўнутранага рынку і паставіць на экспарт. Адразу пасля ўрачыстасцяў фуры з першымі плітамі накіраваліся ў Славакію і Брэст. На заводзе разумеюць, запатрабаванасць прадукцыі - гарант загрузкі прадпрыемства і працоўнай занятасці.

На стадыі распрацоўкі ў Крычаве і праект па выпуску няздымнай апалубкі. Запусціць вытворчасць плануюць таксама сёлета. Спецыялісты ўпэўненыя, што і ён прынясе прыбытак. Бо дамы, пабудаваныя з улікам такіх тэхналогій, ужо сябе апраўдалі.