У Кітаі праходзіць знакамітая Кантонская выстава-кірмаш

19 апреля 2018

У Кітаі праходзіць адна з самых яркіх падзей у сферы міжнароднага гандлю - знакамітая Кантонская выстава-кірмаш. У Гуанчжоу ў выставачным комплексе Пачжоу прадстаўленыя найноўшыя тэхналогіі і найлепшыя тавары з усяго свету. На сёлетнім форуме сваю прадукцыю прадстаўляюць больш як 25 тысяч кампаній з усяго свету. Украіна, Тайланд і Непал - упершыню. Шырокія магчымасці дзякуючы маштабнаму форуму для прасоўвання тавараў ёсць і ў беларускіх прадпрыемстваў.

Сю Бін, намеснік гендырэктара Цэнтра знешняга гандлю Кітая: "У нас вялікі рынак для прадуктаў высокай якасці. Кантонскі кірмаш - гэта выдатная платформа для кампаній з-за мяжы, якая дазваляе ім павялічыць свой экспарт. Упэўнены, што ў Беларусі шмат выдатных тавараў, якія будуць тут запатрабаваныя".

Правінцыя Гуандун, дзе праходзіць гэты сусветны гіпермаркет тавараў, па ўзроўні эканамічнага развіцця сапернічае нават з вядучымі краінамі свету. Летась ВУП тут апынуўся на тым жа ўзроўні, што і ў Расіі. Офісы і вытворчасці тут размясцілі многія з 500 найбуйнейшых бізнес-гігантаў планеты, некаторыя сталі рэзідэнтамі Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку "Вялікі камень". Сёлета культурныя і эканамічныя сувязі Беларусі і правінцыі Гуандун стануць яшчэ мацнейшымі. Летам тут адкрыецца генеральнае консульства нашай краіны. У эксклюзіўным інтэрв'ю Агенцтву тэленавін генконсул Беларусі ў горадзе Гуанчжоу падзяліўся першымі поспехамі дыпмісіі.

І, як сёння стала вядома, да сярэдзіны года Беларусь плануе адправіць у Кітай першую партыю мяса птушкі. Дарэчы, у найбліжэйшыя дні ў Шанхаі адкрыецца сумеснае прадпрыемства па экспарце нашай малочнай прадукцыі. Наша краіна працягне знаёміць Кітай з айчыннымі таварамі. У маі нацыянальная экспазіцыя адкрыецца на міжнароднай выставе прадуктаў харчавання і напояў у Шанхаі, а ў лістападзе - на Міжнароднай выставе імпартных тавараў, якая пройдзе ўпершыню.