У гаспадарках Мінскай вобласці нарыхтоўваюць кармы

17 июня 2020
Стратэгічны этап палявой кампаніі. У гаспадарках Мінскай вобласці нарыхтоўваюць кармы. Травы, багатыя на бялок, канюшыну чырвоную, цімафееўку і аўсяніцу лугавую  ўбіраюць паскоранымі тэмпамі, каб паспець да дажджу. 

Надвор'е сёлета капрызнае. Пасля ўкосу зялёную масу здрабняюць, правяльваюць і адпраўляюць на сянаж. Каб захаваць неабходную вільготнасць "пратэінавага кактэйлю", выконваць прыходзіцца дадатковыя тэхналогіі. Якія?  Раскажа Юлія Токар, яна сустрэлася з аграрыямі.

Нарыхтоўка кармоў у гаспадарках Чэрвеньскага раёна

Гэтымі днямі на нарыхтоўцы кармоў у палях гаспадарчага прадпрыемства "Раванічы" задзейнічана амаль уся тэхніка. Працоўны дзень тут пачынаецца з 7 раніцы і заканчваецца далёка пасля захаду сонца. І так  сем дзён на тыдзень. Такі напружаны графік і ў кіраўніцтва, і ў механізатараў.

Аграрыі прыстасоўваюцца да ўмоў надвор'я

Механізатар Мікалай Каральчук у палях ужо восьмы аграсезон. Работы выконвае розныя, але, прызнаецца, заўсёды працуе з імпэтам. Падчас сёлетняй касавіцы замінае толькі дождж. І да надвор’я прыходзіцца прыстасоўвацца. 

На суседнім полі, на якім маштабна ўбіраюць цімафееўку і аўсяніцу, працуе не проста энерганасычаная тэхніка, а максімальна прадукцыйная - плошча захопу касілкі 9 метраў. Каб нарыхтоўваць без страт, новыя комплексы працуюць у тандэме з іншымі сельгасмашынамі. 

Дажджы прымусілі і галоўнага агранома гаспадаркі  Леаніда Кавалёва скарэктаваць працэс утрамбоўвання сенажу. Каб «пратэінавы кактэйль» з бабова-злакавых траў не страціў карысныя ўласцівасці і проста не сапсаваўся, "рэцэпт кансервацыі" крыху змянілі - масу вырашылі разбаўляць сенам і дадаваць соль. 

Наперадзе ў аграрыяў жніво

Паралельна ў гаспадарцы вядзецца хімпраполка і падкормка кукурузы. Сёлета плошчы пад яе павялічылі. А ўжо менш чым праз месяц пачнуцца  асноўныя летнія работы - жніво. Эстафету пачне рапс, а пасля падхопяць і збожжавыя культуры.