У Хойніцкім раёне адкрыты два новыя радовішчы нафты

25 мая 2020
Паколькі нафта - гэта таксама палітыка, праўда, не заўсёды зразумелая, наша краіна шукае альтэрнатыўныя крыніцы паступлення вуглевадародаў і, вядома, працягвае распрацоўку ўласных нетраў. У Хойніцкім раёне адкрыты два новыя радовішчы нафты. Згодна з падлікамі геолагаў, запасы чорнага золата ў іх могуць перавышаць 2 мільёны тон. Ля вытокаў новай нафты пабывала Ганна Кавалёва

У Беларусі адкрылі 2 новыя радовішчы нафты 

На нафтавую карту Беларусі геолагі нанеслі новыя пункты. У Хойніцкім раёне адкрылі адразу два новыя радовішчы нафты. Згодна з разлікамі спецыялістаў,  іх запасы складаюць больш за 2 з паловай мільёны тон сыравіны. 

Гэта адно з новых радовішчаў, называецца Ізбыньскае. Нафта знаходзіцца як раз пад нашымі нагамі. Залягае на глыбіні чатырох з паловай кіламетраў.

Ужо зразумела, што нафта тут выдатнай якасці: лёгкая і маласярністая. Зараз на аб'екце працуюць буравыя брыгады. Яшчэ некалькі тыдняў  і свідравіну ўвядуць у прамысловую эксплуатацыю. Сутачны прыток нафты - 150 тон. 

Прыкладна за 15 кіламетраў адсюль тэмп таксама не змяншаюць. На Паўночна-Амелькаўшчынскім радовішчы свідраваць пачалі ў красавіку. Графік апярэджваюць ужо амаль на месяц. Шмат у чым  дзякуючы найноўшаму помпаваму абсталяванню і сучаснаму інструменту, што разбурае пароду.

Каб здабыць вось такі ўзор керну, прамочаны нафтай, давялося нырнуць у зямныя нетры амаль на 3 кіламетры. На радовішчы ўжо правялі частку выпрабаванняў, атрымалі абнадзейлівыя вынікі. Прыток нафты тут складзе  50 тон за суткі.

У Беларусі амаль 900 здабывальных свідравін

Дарэчы, у 2020 гэтыя дзве свідравіны ўжо не першыя. Лік яшчэ ў студзені адкрыла Гарцаўскае радовішча. Увогуле зараз у Беларусі амаль 900  здабывальных свідравін на 79-ці радовішчах.

Пётр Поўжык,  намеснік гендырэктара ВА "Беларуснафта": "З пачатку гэтага года мы ў Хойніцкім раёне адкрылі 3 нафтавыя радовішчы з сумарным прыростам геалагічных запасаў каля 4 мільёнаў тон нафты. Для нас гэта вельмі значны вынік, асабліва ў гэтым рэгіёне".

Каб ацаніць патэнцыял новых радовішчаў, у найбліжэйшыя гады пошукава-разведачныя работы працягнуцца. Планаў на 3 гады наперад. Толькі ў гэтым раёне прабураць яшчэ каля 10 свідравін.