У кожным раёне Мінскай вобласці неабходна ствараць аграхолдынгі

23 Жніўня 2013
Аднак для гэтага не абысціся без рэфармавання працы ўсіх базавых сельгасарганізацый. Гэта напярэдадні заявіў губернатар Барыс Батура. З якімі вынікамі рэгіён завяршае ўборку збожжавых і чаму якасць малака ў вобласці не ўсюды аднолькавая?

Расказвае Аляксей Кандраценка.

На сёння масавая ўборка збожжавых у Мінскай вобласці амаль завершана. 1 мільён 640 тысяч тон хоць і лепшы вынік у краіне, але для рэгіёну не ідэал. Зараз акцэнт на кукурузу - на яе ўборку даецца два тыдні. Ураджай царыцы палёў чакаецца добры.

Кіраўнікі раёнаў расказалі і наконт планаў па ўборцы і перапрацоўцы агародніны. Так, у Клецкім раёне бульба атрымае новы таварны выгляд.

Генадзь Салавей, старшыня Клецкага райвыканкама: Згодна з планамі мадэрнізацыі, мы закупілі абсталяванне і будзем фасаваць бульбу ў вакуумныя ўпакоўкі на нашым кансервавым заводзе. Гэта будзе ўжо гатовая прадукцыя.

Сельгасарганізацыі Дзяржынскага раёна, акрамя збожжавых, робяць стаўку і на цукровыя буракі.

Разам з тым Барыс Батура запатрабаваў павысіць эфектыўнасць працы базавых гаспадарак вобласці. Усяго іх 22. І многія з іх замест таго, каб быць прыкладам, кульгаюць па эканамічных паказчыках на абедзве нагі.

Няхай у сярэднім малака яны вырабляюць больш, чым іншыя гаспадаркі, але прадукту экстра-класа павінна быць больш. Прычым ва ўсіх раёнах. Пастаўленую ж мэту - стварэнне аграхолдынгаў, дзе працуе прынцып Вытворчасць, перапрацоўка, рэалізацыя - ніхто не адмяняў. Больш за ўсё магчымасцяў у гэтым плане пакуль у Барысаўскага, Слуцкага, Салігорскага раёнаў.