У індустрыяльным парку рыхтуюцца адкрыць свае вытворчасці прадстаўнікі правінцыі Кітая

11 мая 2018

Як паведаміў сёння наш уласны карэспандэнт у Кітаі, у індустрыяльным парку ўжо рыхтуюцца адкрыць свае вытворчасці прамысловы гігант "Вэйчай" і лагістычная карпарацыя "Лін І". Гэта прадстаўнікі адной з найбуйнейшых і эканамічна развітых правінцый Кітая - Шаньдун.

Актыўна супрацоўнічае рэгіён з намі і ў навуковай сферы, ёсць распрацоўкі з БДУ. Цікавая Беларусь і турыстам з Кітая. Пры гэтым радзіма вялікага мысліцеля і філосафа Канфуцыя гатовая прыняць падарожнікаў з нашай краіны. Гэтыя і іншыя тэмы дэталёва абмяркуюць у канцы мая - падчас афіцыйнага візіту дэлегацыі з Шаньдун у Беларусь.

Шы Цзідун, намеснік кіраўніка дэпартамента камерцыі правінцыі Шаньдун, Кітай:

"Нам цікавая беларуская сельскагаспадарчая прадукцыя. Шаньдун, дзе пражывае больш за сто мільёнаў чалавек, гэта вялізны рынак для яе продажу. Тут цэняць тавары высокай якасці. Калі мы здолеем развіць супрацоўніцтва па гэтым кірунку, мяркую, у наступны ваш візіт у нашу правінцыю вы зможаце знайсці на паліцах магазінаў прадукты з Беларусі".

Адзін з кітайскіх аўтамабільных канцэрнаў, размешчаных у Шаньдун, Sinotruk, зараз разглядае магчымасць стварэння ў "Вялікім камені" ўласнай вытворчасці. Дарэчы, грузавыя аўтамабілі гэтай кампаніі ўжо ўнеслі свой уклад у "будаўніцтва" беларуска-кітайскіх адносін. Зараз некалькі дзясяткаў грузавікоў выкарыстоўваюцца для ўзвядзення інфраструктуры індустрыяльнага парка.

Лань Цзюндзье, кіраўнік аддзела аўтамабілебудаўнічай кампаніі Sinotruk, Кітай:

"Супрацоўніцтва з Беларуссю дае нам магчымасць выйсці на рынкі Расіі і Казахстана. У найбліжэйшы час мы правядзем даследаванне ў гэтым кірунку. Калі гаварыць аб перспектывах, то наша кампанія плануе адкрыць у індустрыяльным парку "Вялікі камень" зборачную вытворчасць грузавых аўтамабіляў, а таксама даследчы цэнтр".

Дарэчы, правінцыя Шаньдун у чэрвені стане яшчэ і цэнтрам сусветнай палітыкі. У горадзе Ціндаа адбудзецца першы саміт кіраўнікоў дзяржаў - удзельнікаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў новым фармаце "васьмёркі".