У Гродне праходзіць пасяджэнне Еўразійскага міжурадавага савета

8 сентября 2015

Пазіцыю Беларусі ўжо выказаў прэм'ер-міністр нашай краіны. Паводле слоў Андрэя Кабякова, зараз важна кантраляваць ход падрыхтоўкі канцэпцый агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў у ЕАЭС. Адмысловую ўвагу варта надаць фарміраванню прамысловай палітыкі. Нагадаем, Беларусь сёлета старшынствуе ў Савеце. З Гродна перадае Андрэй Лапцёнак.

Большасць гатэляў была забраніравана яшчэ за тыдзень да гэтай сустрэчы. Ажыятажны попыт на гасцініцы суправаджалі і беспрэцэдэнтныя меры бяспекі, якія, паводле слоў мясцовых жыхароў, апошні раз прымаліся, калі ў горад прыязджалі прэзідэнты Расіі і Беларусі.

Зрэшты, такая арганізаванасць дазволіла пазбегнуць накладак. Да паўдня ўдзельнікі сустрэчы без спазнення прыбылі да будынка Гродзенскага аблвыканкама.

Пасля фатаграфавання ўдзельнікі перамясціліся ў залу, дзе пройдуць асноўныя перамовы. На парадку дня пытанні каардынаванай прамысловай палітыкі, макраэканамічная і фінансавая стабільнасць, фарміраванне адзінага рынку паслуг.

Зрэшты, кожная дэлегацыя, а іх у афіцыйным статусе ў Гродне прыбыло ўжо пяць (нагадаем, у жніўні Кыргызстан стаў паўнапраўным членам саюза), прывезла на гэту сустрэчу свой партфель прапаноў.

Перамовы пройдуць у вузкім і пашыраным складзе. І пасля іх завяршэння ўдзельнікі плануюць падпісаць шэраг прынятых пагадненняў.