У Гомельскай вобласці выяўленыя факты безгаспадарчасці

27 декабря 2016

У Гомельскай вобласці сумесная праверка Камітэта дзяржкантролю і пракуратуры выявіла факты безгаспадарчасці. Размова ідзе аб неналежным захоўванні дранкі. Яе выкарыстоўваюць у якасці альтэрнатывы прыроднаму газу. Нягледзячы на тое што мясцовыя віды паліва выкарыстоўваюць для эканоміі, у дадзеным выпадку ўсё якраз наадварот. Безгаспадарчасць прыходзіцца аплачваць дадатковымі сродкамі з бюджэту.  Больш падрабязна Вольга Халадовіч.

Гэтая гара  з дранкай - першае, што кідаецца ў вочы на тэрыторыі кацельні. Праўда, спецыялісты  запэўніваюць: ужо да вечара яе тут не будзе. Бо гэта прыкладна сутачная норма паліва, каб абагрэць увесь пасёлак.

Кацельню перавялі на мясцовыя віды паліва яшчэ ў 2009-м. З мэтай эканоміі. Дранка ў некалькі разоў таннейшая за прыродны газ. Праўда, пасля праверкі стала зразумела: выдаткаў пазбегнуць не атрымаецца.

Дадатковыя навесы, склад і поліэтыленавая плёнка - пазбегнуць павышанай вільготнасці мясцовых відаў паліва можна. Патрэбны толькі гаспадарлівы падыход.

Недабудаваны ангар  тут прыстасавалі для захоўвання паліўнай дранкі. Праўда, умовы цяжка назваць прыдатнымі. Дах і сцены практычна адсутнічаюць. Усё засыпана снегам.

Работнікі кацельні запэўніваюць: ніякіх праблем з-за вільготнасці дранкі няма. Абсталяванне дазваляе вырашыць гэтую праблему.

Па якім графіку выконваецца работа, самі спажыўцы цяпла - жыхары пасёлка Рудня-Марымонава - не ведаюць. Але сцвярджаюць, што слупок тэрмометра ў іх дамах не дацягвае да нарматыву.

Вільготная дранка - гэта лішнія выдаткі. Частка энергіі ідзе спачатку на тое, каб яе высушыць, толькі потым дранка дасць цяпло. У квітанцыях гэтыя выдаткі не адлюстроўваюцца, а лішнія расходы прыходзіцца кампенсаваць дзяржаве. Але ў камунальшчыкаў па гэтым пытанні іншае меркаванне.

Парушэнні правілаў захоўвання мясцовых відаў паліва спецыялісты выявілі практычна на кожным аб'екце ЖКГ Гомельскай вобласці. Маніторынг працягваецца і сёння. Па яго выніках мясцовым уладам прыйдзецца зрабіць работу над памылкамі. Кантралёры гавораць: з прыцягненнем да адказнасці вінаватых. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя