У Гомельскай вобласці з'явіцца першы ў Беларусі і СНД цэх прамысловай перапрацоўкі часнаку - інвестыцыйны праект на 10 мільярдаў рублёў. Ужо распрацаваныя эксперыментальныя ўзоры часночнай мукі, эфірных алеяў і нават чыпсаў. Якія тэхналогіі спецыялісты ўкаранілі ў сельскую гаспадарку - у рэпартажы Аляксея Немава.
Часнок для Беларусі - культура рэдкая. Не кожнае прадпрыемства рашыцца выбраць сабе такі профіль. Светлагорская гароднінная фабрыка - адзін з найбуйнейшых у краіне пастаўшчыкоў. Часнок тут вырошчваюць каля 10 гадоў. Летась сабралі 150 тон. Гавораць, культура рэнтабельная і нават гатовыя павялічваць пад яе плошчы. Тым больш што ў вобласці будуецца адзіны ў Беларусі цэх па прамысловай перапрацоўцы часнаку.
Кошт інвестпраекта - каля 10 мільярдаў рублёў. Спецыялісты ўпэўненыя ў яго акупнасці. Тым больш што тэхналогіі перапрацоўкі часнаку, на якія тут робяць стаўку, адзіныя на прасторах СНД. Ужо ёсць першыя эксперыментальныя ўзоры.
У гэтай ёмістасці 45 грамаў субліміраванага часнаку. Дастаткова апусціць яго ў халодную ваду і атрымаецца паўкілаграма гэтага карыснага прадукту. Часнок адновіць свой памер і на смак будзе, як толькі што ўбраны з поля.
Дарэчы, менавіта такая тэхналогія прымяняецца ў касмічнай сферы. Тэрмін захоўвання часнаку павялічыцца да 5 гадоў, карысныя ўласцівасці пры гэтым не страчваюцца. Таксама распрацаваныя ўзоры часночнай мукі, эфірнага алею і нават чыпсаў.
Перапрацоўваць будуць не толькі цыбуліну, але і часночную стрэлку. У цэху спецыяльна запусцяць лінію па вытворчасці прыправы. Працаваць прадпрыемства будзе круглы год. У міжсезонне тут можна будзе, напрыклад, сушыць ягады.
Пілотны праект укараняюць у Гомельскім раёне. Зараз ідзе закупка тэхналагічных ліній. І ўжо на гэтай стадыі актыўна вядуцца перамовы з патэнцыйнымі пакупнікамі. Плануецца, што магутнасць новага цэха дасягне тысячу тон за год. Перапрацоўваць тут будуць часнок з усёй Беларусі.














