У Гомельскай вобласці пачалі пасяўную кампанію

16 апреля 2013

Адны рэгіёны змагаюцца з вадой, іншыя ўжо шырока разгарнулі пасяўную кампанію. Толькі ў Гомельскай вобласці, дзе дазваляюць умовы, ужо засеялі каля тысячы гектараў. І да канца гэтага тыдня ў гэтым рэгіёне павінны пачаць сяўбу ярыны паўсюдна. І хоць надвор'е не пакінула часу на разварушванне, аграрыі не адчайваюцца. Дзякуючы вопыту, наяўнасці сучаснай тэхнікі і высілкам дзяржавы, пасяўную кампанію правядуць у самыя кароткія тэрміны.


Асаблівасць позняй вясны - у ярах і на ўзлеску яшчэ ляжыць снег. А на суседнім полі ўжо поўным ходам ідзе пасяўная.


Расказвае Віталь Краснабаеў.Зямля, якая яшчэ некалькі тыдняў таму была пад снегам, сёння прымае насенне. На гэтым полі сеюць авёс. І самая ранняя культура, і  пагодныя ўмовы для яе  як мае быць. Вяскоўцы гавораць: поле паспела. Праўда, здарылася гэта на два тыдні пазней за звычайны для мясцовых аграрыяў тэрмін.


Часу на разварушванне надвор'е не пакінула. Калі раней тут на завяршэнне сяўбы ярыны адводзілі два тыдні і больш, зараз паспець трэба максімум за дзесяць дзён. Інакш увосень недабяруць ураджаю. Каб паспець у аптымальны тэрмін, механізатары будуць працаваць кожны дзень да цемры. Для аператыўнай пасяўной ёсць усё:  насенне, угнаенні, паліва і тэхніка. Але ўсё ж галоўная задача ўрада - паскорыць пасяўную кампанію. Пра гэта ішла гутарка і на нядаўняй нарадзе. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў  правесці яе імгненна. Для гэтага  аграрыям прыйдзецца ў поўным сэнсе слова дзяжурыць на палях. Пераменлівае надвор'е ўжо задала тэмп аграрыям. Графік працы ў дзве і нават тры змены - неабходнасць цяперашняй пасяўной.


З дваццаці аднаго раёна Гомельскай вобласці дзесяць ужо прыступілі да вясновай сяўбы. Праўда, масавай яна стала пакуль толькі ў Гомельскім раёне. Але ўжо да сярэдзіны наступнага тыдня яна пойдзе паўсюдна.