У Гомельскай вобласці аграрыі пачынаюць уборачную аднымі з першых у краіне

2 августа 2017

Расказвае Вольга Халадовіч.

У Гомельскай вобласці аграрыі традыцыйна пачынаюць уборачную аднымі з першых у краіне. Асаблівасць клімату і геаграфічнага становішча. Усяго неабходна абмалаціць 380 тысяч гектараў.

Трэць плошчаў у рэгіёне ўжо ўбраная. Лідзіруе Рэчыцкі раён - тут і першыя ў краіне тысячнікі, і ўбраць засталося прыкладна палову зерневых. Сёлета аграрыі разлічваюць атрымаць мільён сто пяцьдзесят тон збожжа - больш, чым летась. А для гэтага неабходны гаспадарчы падыход да справы. Толькі вось прытрымліваюцца яго не ва ўсіх сельгасарганізацыях. У Веткаўскім раёне ў гаспадарцы "Хальч" рэвізоры выявілі склад збожжа пад адкрытым небам. 60 тон пшаніцы паліваў дождж, сушыла сонца… Сёння тут карціна тая ж - збожжа нават не пад навесам, чаму асабліва рады птушкі.

А ў Добрушскім і Брагінскім раёнах не ўвесь транспарт прайшоў тэхагляд да ўборачнай. У Петрыкаўскім - амаль увесь нарыхтаваны сянаж захоўваецца ў буртах. А вось праблему з кадрамі ў рэгіёне вырашылі. Сёлета за штурвалам камбайна - сямейныя экіпажы. Для Вадзіма Ярца гэта 6-я ўборачная, для жонкі Анастасіі - дэбют. Кухар па прафесіі - трапятліва ставіцца да хлеба. Пакуль бабулі глядзяць унукаў, іх бацькі ў полі.

Падчас селектарнай нарады Прэзідэнту дакладваюць: усе пытанні ў Гомельскай вобласці вырашаюцца ў штатным рэжыме. Кіраўнік дзяржавы падкрэслівае: галоўнае - працаваць на вынік.

Запас паліва і насення, наяўнасць запчастак. Усё неабходнае зараз для ўборачнай у рэгіёне ёсць. Губернатар Гомельскай вобласці ўпэўнены: галоўнае зараз - гэта чалавечы фактар.

Дарэчы, сёлета Гомельская вобласць - лідар па экіпажах-тысячніках. Ужо тры тандэмы пераадолелі гэтую мяжу.

І гэта толькі пачатак, упэўненыя самі хлебаробы. Яшчэ некалькі гадоў таму аб мільёне тон збожжа ў рэгіёне маглі толькі марыць - зараз гэта ўжо рэальнасць.