У Гомельскім рэгіёне вырошчваюць прыкладна 40% усёй цыбулі ў краіне

13 апреля 2015

У Гомельскай вобласці зараз сеюць моркву, зялёны гарошак і цыбулю. Апошнюю культуру ўжо высадзілі больш яка на траціне плошчаў.  У рэгіёне вырошчваюць прыкладна 40% усёй цыбулі ў краіне. І тут  жа знаходзіцца адно з самых вялікіх у Беларусі сховішчаў для агародніны.

На якую агародніну аграрыі робяць стаўку, як захаваць у іх максімум карысці для спажыўца - разбіралася Вольга Халадовіч

Яшчэ некалькі дзён і сяўба цыбулі ў гэтай гаспадарцы будзе завершана. У дзень адна сеялка апрацоўвае 10-15 гектараў, два тыдні спатрэбіліся аграрыям, каб завяршыць пасяўную гэтай культуры. Цыбуля традыцыйна прыносіць прадпрыемству добры прыбытак, таму сёлета ў камбінаце "Усход" пад яе адвялі 200 гектараў.

Самыя вялікія ў рэгіёне плошчы пад цыбулю і адно з самых вялікіх у краіне сховішчаў. Тут ведаюць, важна не толькі вырабіць, але і захаваць. Для кожнай культуры свой мікраклімат і адмысловая сістэма вентыляцыі. Таму агародніна  нават пасля зімы  па смаку і карысці не саступае з градкі.

Гэта цыбуля ураджаю 2014. Пакуль у палях засяваюць культуру, запасы, якія захоўваюцца тут  у спецыяльных умовах, ідуць на рэалізацыю. Згодна з падлікамі аграрыяў, іх хопіць як раз да новага ўраджаю.

Цыбуля, морква, зялёны гарошак, капуста - гэтыя культуры ў Гомельскай вобласці паступова займаюць сваё месца на палях. На чарзе - бульба. Яе пасадку аграрыі паўднёвага рэгіёна плануюць пачаць праз некалькі дзён.

У цэлым да канца тыдня ў Беларусі завершыцца сяўба яравых культур. Аграрыі рыхтуюцца да пасадкі цукровых буракоў, бульбы і рапсу. Дарэчы апошняя культура, пасеяная восенню, дрэнна перанесла зіму. Таму яе страты прыйдзецца папаўняць яравым рапсам. Насення закуплена ў дастатковай колькасці. Шматлікія пазіцыі - на 100% беларуская сыравіна.

Уладзімір Гракун, намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі: "Праблемы вясновай пасяўной разглядаліся ў Савеце Міністраў. Вызначаны аб'ёмы закупкі мінеральных угнаенняў, гаруча-змазачных матэрыялаў, сродкаў абароны раслін, вытворчасці насення. На правядзенне палявых работ выдзелена з адтэрміноўкай плацяжу на год 80 тысяч тон гаруча-змазачных матэрыялаў. У цэлым нам для правядзення пасяўной, сакавік-май, трэба 138 тысяч тон дызельнага паліва".

Разам з пасяўной працягваецца і падрыхтоўка глебы. У Гомельскай вобласці   ўжо на наступным тыдні плануюць пачаць сяўбу кукурузы - галоўнай стратэгічнай культуры рэгіёна.