У Гомелі працягвае працу I Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны. І першыя кантракты

26 октября 2018

У Гомелі сёння працягнуць абмяркоўваць супрацоўніцтва дзвюх краін на рэгіянальным узроўні. У пленарным пасяджэнні возьме ўдзел Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Асноўны акцэнт будзе зроблены на развіццё гандлю, эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва. Усе падрабязнасці ў Ганны Кавалёвай.

I Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны ўжо назвалі буйной перазагрузкай супрацоўніцтва дзвюх краін. Тым больш, што абмеркаванне тэм будзе весціся і на самым вышэйшым узроўні. Сёння ўдзел у пленарным пасяджэнні Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны возьме Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Чакаецца, што мерапрыемства таксама наведае Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка.

Аснову будучых дамоўленасцяў заклалі ў першы дзень форуму. Напярэдадні адбыліся перамовы Савета дзелавога супрацоўніцтва, а таксама рабочай групы па павелічэнні ўзаемнай прысутнасці сельскагаспадарчай, харчовай і іншай прадукцыі. Акцэнт - на развіцці ўзаемавыгаднага імпарту-экспарту і рэалізацыі сумесных навуковых і бізнес-праектаў.

Уладзімір Улаховіч, старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты: "Гэта пляцоўка, дзе бізнес абмяркоўвае надзённыя праблемы, перспектывы нашага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва, ну і, акрамя гэтага, мы імкнёмся выходзіць яшчэ і на камерцыйныя дакументы".

Генадзь Чыжыкаў, кіраўнік Гандлёва-прамысловай палаты Украіны: "Мы зараз, дарэчы, маем патрэбу ў вашых удабрэннях: калійных і азотных. Дзе мы ні паглядзім - усюды ёсць вялікая зацікаўленасць. Не гаворачы аб тым, што і прадукты харчавання беларускія карыстаюцца вялікім попытам на ўкраінскім рынку, таму што заўсёды марка "зроблена ў Беларусі" высокай якасці, гэта натуральнае, арганічнае, гэта ўсе ўкраінскія спажыўцы ведаюць".

Круглыя сталы, тэматычныя секцыі, выставы - усяго пад флагамі дзвюх краін у Гомелі пройдуць каля 20 перагаворных мерапрыемстваў. Акрамя гандлёвага супрацоўніцтва, абмяркоўваюць пытанні сельскай і лясной гаспадаркі, прамысловасці, навукі, адукацыі. За агульнымі тэмамі - канкрэтныя ідэі. Так, Украіна прапаноўвае пашырыць сумесныя зборачныя вытворчасці тэхнікі, наладзіць выпуск фармакалагічнай прадукцыі і рэалізоўваць агульныя праекты па чыстай энергетыцы. Многія ідэі набудуць рэальныя юрыдычныя абрысы ў канкрэтных дакументах.

Па выніках двухдзённага форуму чакаецца падпісанне значных кантрактаў. Ратыфікаваныя дамоўленасці дадуць зялёнае святло для супрацоўніцтва па самых розных кірунках, у тым ліку і новых. Сума кантрактаў складзе прыкладна 60 мільёнаў долараў.