Сёлета ў Парку высокіх тэхналогій з'явяцца адразу два венчурныя фонды

19 февраля 2013
Добры шанц для тых, у каго пакуль толькі ідэя. А вось перспектыўнымі гатовымі фірмамі, якія ўжо прыносяць прыбытак, зоймецца амерыканская кампанія.
Брытанская IT-кампанія стане Бізнес-анёлам. Менавіта англічане адкрыюць у Беларусі адзін з двух венчурных фондаў, так званы анёльскі фонд. Гэта значыць, што грошы будуць укладваць у крэатыўныя ідэі і інавацыйныя праекты, а не ў гатовыя фірмы. Звычайна гэта невялікія, па мерках бізнесу, сумы да 100 тысяч долараў. Тым не менш, калі распрацоўка будзе паспяховай, то група энтузіястаў зможа ператварыцца ў кампанію і атрымліваць уласны прыбытак. Інвестар жа, доля якога першапачаткова складзе ад 10 да 20 працэнтаў, гатовы павялічыць фінансаванне.
Сур'ёзныя, значыць, дзясяткі мільёнаў долараў. У гэтым выпадку доля інвестара ад прыбытку можа складаць ад 50 да 60 працэнтаў. Другі венчурны фонд таксама возьме на сябе абавязак размяшчаць першасныя акцыі для такіх кампаній на сусветных фондавых рынках. Аб неабходнасці прыцягнення венчурных інвестараў, узнімаючы тэму развіцця Парка высокіх тэхналогій, гаварыў і Кіраўнік дзяржавы ў сваім Пасланні да беларускага народа і парламента. Прэзідэнт таксама даручыў пашырыць спектр прафесійнай дзейнасці рэзідэнтаў айчыннай Сіліконавай даліны.
Дарэчы, за 2012-ы штат Парка высокіх тэхналогій папоўніўся трынаццаццю новымі рэзідэнтамі і дасягнуў лічбы 118. Сёлета ў склад беларускай Сіліконавай даліны плануюць увайсці расійская кампанія Яндэкс і амерыканская VeriFone - адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў плацежных тэрміналаў.
Венчурныя фонды плануюць размясціць на базе так званага бізнес-інкубатара. Сёлета як раз завяршаецца яго будаўніцтва. Акрамя таго, менавіта тут зараз маладыя спецыялісты змогуць прэзентаваць і абмеркаваць самыя нечаканыя ідэі і праекты.
Яшчэ адна функцыя новай структуры - дапамагаць ужо буйным замежным карпарацыям адаптавацца на беларускім рынку, а менавіта - ствараць у нашай краіне свае цэнтры даследаванняў і распрацовак. Акрамя бізнес-інкубатара пры Парку высокіх тэхналогій таксама адкрыецца і IT-акадэмія або адукацыйны цэнтр, які зоймецца падрыхтоўкай маладых праграмістаў.