Сёлета плануюць нарыхтаваць больш як 9 мільёнаў тон травяністых кармоў

7 июня 2018

Зацяжная вясна прынесла нямала сюрпрызаў беларускім аграрыям. А зараз і марозны пачатак лета. Сёлета плануюць нарыхтаваць больш як 9 мільёнаў тон травяністых кормаў.

Больш падрабязна - Андрэй Ястрабаў.

Каб запоўніць адну такую сянажную траншэю, спатрэбіцца каля 2 тысяч тон зялёнай масы. Столькі нарыхтоўваюць за тры пагодлівыя дні. І тут ні на крок ад тэхналогіі, бо захаваць кармы трэба да наступнай вясны.

Антон Хізанейшвілі, заатэхнік РУП "Вучгас БДСГА": "Трамбаванне неабходна для выдалення лішняга паветра і каб не адбываліся працэсы закісання, якія дрэнна ўплываюць на якасць корму. Траншэя гатовая да адкрыцця, праз месяц і аж да вясны мы будзем карміць жывёлу менавіта з гэтых сянажных траншэй".

Пакаванне ў стрэйч-плёнку сенажу - яшчэ адзін спосаб нарыхтоўкі кармоў, які паспяхова прымяняецца ў Беларусі. Сухую травяную масу кансервуюць прама ў полі. Плёнка герметычная, у "зялёныя" кансервы не трапляе паветра, вільгаць. Плюс гэта тэхналогія дазваляе аўтаматызаваць і паскорыць сам працэс нарыхтоўкі корму. Нарэшце, гэтыя рулоны эканомяць грашовыя і матэрыяльныя рэсурсы пры іх уборцы, транспарціроўцы і захоўванні.

Антон Хізанейшвілі, заатэхнік РУП "Вучгас БДСГА": "Гэта дазваляе найбольш аптымальна і хутка захаваць усе пажыўныя рэчывы, якія існуюць у траве. Тут знаходзіцца канюшына - бабовая культура, якая ператворыцца ў корм з утрыманнем бялку не менш як 18%. Гэта як бы далікатэс для каровы".

Але намаганні ў корманарыхтоўцы былі б дарэмнымі, калі б у жывёлагадоўчых гаспадарках гэтак жа сур'ёзна не ставіліся і да тэхналогіі кармлення кароў.

Раней так і гаварылі: "Што ў бурай на языку, то і ў малаку". Галоўнай умовай прадуктыўнасці ва ўсе часы заставаліся сакавітыя кармы. Гэта яны затым уплываюць на густ малака і слівак. Таму і такая асаблівая ўвага да ўмоў гадоўлі зялёнай масы і нарыхтоўкі.

У гэтым сельгаспрадпрыемстве, напрыклад, амаль 98% малака ўжо атрымліваюць экстра-класа. Вырасла выручка, а значыць, і зарплата.

Сяргей Шацкі, першы намеснік старшыні Гарэцкага райвыканкама: "Гарэцкі раён - гэта сельскагаспадарчы раён. Жывём мы практычна з малака-мяса. Прамысловасць тут невялікая. Таму неабходна нарыхтаваць якасныя кармы, атрымаць адпаведна прадукцыю, грашовую выручку. Можна будзе планаваць нейкія дадатковыя мерапрыемствы наконт рэканструкцый, будаўніцтва".

Каб кармавая база заставалася па-ранейшаму трывалай, больш як 9 млн тон травяных кармоў плануецца нарыхтаваць у Беларусі сёлета, цалкам закрыўшы патрэбнасці жывёлагадоўлі. Ход зялёнага жніва пад пільным кантролем.