Сёлета плануюць сабраць больш за мільён тон бульбы і 560 тысяч тон агародніны

5 июля 2019

Пра аграрныя планы. Сёлета плануюць сабраць больш за мільён тон бульбы і 560 тысяч тон агародніны. Гэтыя аб'ёмы цалкам закрыюць патрэбнасці ўнутранага рынку, а таксама будзе магчымасць для экспарту. Уборка агародніны ўжо пачата. На сёння яе ўраджай значна прырос   - плюс 134 % да ўзроўню мінулага года. Прадукцыя з палёў  напрамую адпраўляецца на прылаўкі магазінаў і перапрацоўчыя прадпрыемствы. У Гродзенскай вобласці ўраджай пастаўляюць і ў суседнія рэгіёны. Асаблівасці ўборкі на градках - у рэпартажы Юрыя Карняловіча.

Свежыя агуркі, вырашчаныя ў адкрытым грунце,  візітная картка СВК "Свіслач".
Першы ўраджай тут паспявае ў пачатку ліпеня. Нялёгкую працу мясцовыя інжынеры пастараліся максімальна аўтаматызаваць.
Збор агуркоў у гэтай гаспадарцы праходзіць старым, але правераным спосабам. Яшчэ некалькі гадоў таму тут укаранілі сваё ноу-хау. Спецыяльную платформу па полі цягне трактар. На ёй ляжаць агароднікі і ў такім становішчы збіраюць ураджай. Прадукцыйнасць працы не маленькая - за дзень удаецца сабраць да 3 тон агародніны.
Плюсаў некалькі: у такім становішчы зборшчыкі не траўміруюць агурочнік, а гэта ўплывае на ўраджай. Адначасова жанчыны яшчэ і градкі праполваюць. І самае галоўнае - стомленасць нават пасля васьмігадзіннага рабочага дня зусім не адчуваецца. Агароднік Наталля Бурчык на нарыхтоўцы агуркоў ужо 12-ы сезон. Жартуе, усе знаёмыя ёй зайздросцяць. Увесь дзень праляжаць на працы - не ў кожнага атрымліваецца.
СВК "Свіслач" - адна з нямногіх гаспадарак рэгіёна, дзе агародніну вырошчваюць у прамысловых маштабах. На гэтыя мэты тут адведзена амаль паўсотні гектараў. Агуркі, цыбуля, бурак, кроп у гаспадарцы нарыхтоўваюць на працягу ўсяго лета.
Паралельна з агуркамі ў гаспадарцы нарыхтоўваюць і раннюю капусту. Праца на гэтым участку ў асноўным ручная, працуюць толькі вопытныя агароднікі. Спеюць качаны не адначасова, задача зборшчыкаў -  дакладна вызначыць таварную расліну.
А гэта ўжо ў суседняй гаспадарцы Дзеньшчыкова зялёны гарошак адгружаюць на кансервавы завод. Запатрабаваны прадукт спее разам са збожжавымі культурамі. Марудзіць з уборкай гарошку нельга. Усяго адзін лішні дзень на полі і таварны выгляд страчваецца.
Сталовы гарошак у СВК расце на плошчы  400 гектараў. Каб сабраць без страт, вясной давялося высейваць яго ў некалькі этапаў - па 15-20 гектараў праз кожныя 10 дзён. Адпаведна і ўборка будзе праводзіцца паэтапна да канца ліпеня.
У Гродзенскай вобласці практычна ўсе гаспадаркі пачалі жніво збожжавых. Ужо абмалочана больш за  80 % плошчаў зімовага ячменю. Згодна з прагнозамі аграрыяў, масава тэхніка выйдзе на палі ўжо на наступным тыдні.