У гэтыя выхадныя Мінскі трактарны перагарнуў чарговую старонку гісторыі

29 мая 2016

Яго прадукцыя папулярная на ўсіх кантынентах, а знакамітая марка "Беларус" без перабольшання - адзін з сімвалаў нашай краіны за мяжой.

У свае 70 МТЗ - гэта не проста завод, гэта асабістая гісторыя і лёс сотняў тысяч беларусаў. На заводзе нямала працоўных дынастый, у тым ліку і дзякуючы ім за 7 дзесяцігоддзяў Мінскі трактарны выпусціў з канвеера амаль 4 мільёны машын. Сёння завод вырабляе дзясяткі сучасных мадэляў і пастаўляе тэхніку ў шматлікія краіны. Спрабуе замацавацца на рынках Еўрасаюза, Амерыкі, Афрыкі і Азіі. Задача - пастаўляць на іх роўна траціну аб'ёму. А яшчэ мадэрнізацыя, якая актыўна праводзіцца апошнія 5 гадоў. У планах укласці яшчэ амаль 230 мільёнаў еўра. Словам, спакой ім толькі сніцца. Сёння МТЗ збірае віншаванні, але ўжо з панядзелка ў цэхах завода зноў пачнецца карпатлівая праца. Новы этап барацьбы за якасць і новыя рынкі, мадэрнізацыю і канструктарскія ноу-хау. Андрэй Крывашэеў скарыстаўся прыемным момантам і пагаварыў з тымі, хто сёння збірае легенду.

"Беларусу" - галоўнаму брэнду нашага машынабудавання - 70. Па чалавечых мерках - немалады. Але для прамысловага гіганта - росквіт сіл. Марку ведаюць і купляюць ад Амерыкі да Азіі. Заваявана рэнамэ надзейнай тэхнікі, не трэба як пачаткоўцу даказваць, што вытрымае любую глебу і любы клімат - ад егіпецкіх пяскоў да венесуэльскай багны. Імя як сімвал краіны - працаўнік, аратай, цягавіты і надзейны. Словам, "Беларус". Дарэчы, на Кубе дагэтуль у страі машыны - аднагодкі завода. А ў аграрных штатах Індыі дагэтуль упэўнены, што Беларусь - гэта не краіна, гэта трактар, з якога пачынаецца дастатак у сям'і і ў краіне ў цэлым. У свае 70 МТЗ гэта не проста завод - гэта асабістая гісторыя і лёс сотняў тысяч беларусаў. Гісторыя, якая ўзнімала краіну з руін у пасляваенныя гады. Гісторыя, якая накарміла галодную краіну. Гісторыя станаўлення суверэннай Беларусі і нашага мадэрнізаванага АПК. Гісторыя не забранзавелая, а жывая. Абсалютна новая машына - кожныя 2-3 гады. У новай лінейцы трактароў МТЗ не адстае. 355 конскіх сіл пад капотам. Магутны, эрганамічны. Нашпігаваны разумнай электронікай, але таннейшы за канкурэнтаў. А па надзейнасці ўсё той жа "Беларус", якога ведаюць у свеце.

Андрэй Стасілевіч, генеральны канструктар ААТ "Мінскі трактарны завод": "Асноўныя нашы крытэрыі - гэта прастата, надзейнасць і эканамічнасць. Заўсёды былі такія "Беларусы" і застаюцца і сёння такімі ж. Наш трактар проста абслужыць, наш трактар лёгкі і просты ў кіраванні, ён такі ж магутны, як і ўсе астатнія".

Гендырэктар робіць стаўку менавіта на такіх цяжкавагавікоў. Гэта выгадная стратэгія.

Фёдар Дамаценка, генеральны дырэктар ААТ "Мінскі трактарны завод": "Сёння мы пераходзім у дыяпазон 300, 350 конскіх сіл. Вось вы бачыце на выставе распрацоўкі 450 і 500. Вось да 2030 года, пачынаючы са 150 конскіх сіл, наш аб'ём выпуску будзе 70 %".

Свой першы колавы ў Мінску распрацаваны ў далёкім 49-м. Праз 4 гады ідзе ў серыю. За 7 дзесяцігоддзяў выпушчана амаль 4 мільёны машын, 3 з іх экспартавалі больш як у 125 краін свету. Усе мажлівыя куткі планеты, дзе апрацоўваюць зямлю. Ад традыцыйных суседзяў да абсалютнай экзотыкі - Нікарагуа і ПАР. Новыя краіны і новая тэхніка - не капрыз, а стратэгія. Так МТЗ спраўляецца з крызісам. Машынабудаванне ў Еўропе сціснулася на траціну, а пастаўкі хай і за тысячы кіламетраў ад Мінска - гэта гарантаваны збыт. Праз 5 гадоў у далёкае замежжа будзе прадавацца кожны трэці "Беларус". Сумесная зборка з'явіцца ў Літве, Пакістане, Бразіліі і Шры-Ланцы плюс чарговыя заводы ў Расіі і Кітаі.

Аляксандр Казакевіч, намеснік маркетынг-дырэктара па камерцыйнай працы ў краінах СНД, Украіне, Грузіі ААТ "Мінскі трактарны завод": "У нас ёсць шмат цікавых праектаў экспартных па пастаўцы тэхнікі ў блізкае замежжа. Зусім нядаўні кантракт быў падпісаны з Азербайджанам. Туды будзе пастаўлена да 2 тысяч адзінак нашай тэхнікі. Таксама планцецца буйны кантракт па пастаўцы тэхнікі ў рамках экспартнага крэдытавання нерэзідэнтаў на Кубу, прапрацоўваем такія праекты на краіны Афрыкі".

Сёння ў МТЗ сотня мадэляў і звыш 2 сотняў варыянтаў зборкі. 28 машын - у распрацоўцы. Неўзабаве ў серыю выйдзе новенькі гігант у 450 конскіх сіл. Амбіцыі, немагчымыя без сістэмнай мадэрнізацыі. Яе не спыняюць ні на хвіліну. Год таму запусцілі 5-ы механічны цэх. Зрабілі эканомны трактар на метане, магутны гусенічны і поўную лінейку кампактных фермерскіх машын. У сярэднім з 2013 на заводзе ўкладвалі ў мадэрнізацыю па 130 мільярдаў рублёў за год. Інвестыцыі сябе апраўдалі: новы цэх называюць космасам сучаснага трактарабудавання. Плюс культура вытворчасці - ніякіх кувалдаў і падгону ў канчатковага спажыўца. Як у дарагім аўто - сеў і паехаў. Свой юбілей завод святкуе маштабна і годна. Народныя гулянні ля прахадной - як сімвал народнай маркі. Выстава пад адкрытым небам - МТЗ ёсць чым ганарыцца. Бесперапыннасць гісторыі - вось ён першы МТЗ-2, улюбёнец дзяцей і самы папулярны экспанат для селфі. Але яго блізня, якому 63, дагэтуль на хаду. Вось ён узначальвае калону ўрачыстага маршу тэхнікі. Дарэчы, калі ў такую калону выставіць усе машыны МТЗ за 70 гадоў, яны абхопяць Зямлю па экватары. Таму невыпадкова, што на большасці моў планеты наш брэнд, наша гісторыя машынабудавання, наш гонар і частка нашага нацыянальнага характару гучаць аднолькава. Сучасны МТЗ - гэта 9 заводаў, 26 тысяч супрацоўнікаў: цэлы горад машынабудаўнікоў і марка, якая заваявала ўсе кантыненты. А гэтага здабытку ў Беларусі магло б і не быць, калі б 20 гадоў таму было б прынята адно памылковае рашэнне. Але гэта ўжо іншая, наступная гісторыя...