У гэтыя дні беларуская сталіца стала пляцоўкай міжнароднага дыялогу

26 октября 2016

Пачнем з падзей у Мінску. У гэтыя дні беларуская сталіца стала пляцоўкай міжнароднага дыялогу, у аснову якога легла ідэя інтэграцыі інтэграцый. Ужо сёння актуальныя тэмы сусветнага парадку дня абмяркоўвалі больш як сотня прадстаўнікоў парламентаў, МЗС, інтэграцыйных структур і сусветных арганізацый. 27-28 кастрычніка Мінск прыме саміты ЕАЭС і СНД. Праграма пасяджэнняў вялікая. У першую чаргу акцэнт на эканоміцы: агульным тавараабароце, гандлі, мытных пошлінах і барацьбе з кантрафактам. Па лініі ЕАЭС кіраўнікі ўрадаў абмяркуюць і кантакты з трэцімі краінамі. Тут вектар як на Захад, так і на Усход. У дачыненні да СНД асаблівая ўвага рэалізацыі дамовы аб зоне свабоднага гандлю без выключэнняў і абмежаванняў. Пра ключавыя моманты двухдзённых перамоў падрабязней Святлана Лук’янюк.

Вялікая інтэграцыя і ліквідацыя перашкод на гэтым шляху. Кіраўнікі ўрадаў Еўразійскага эканамічнага саюза і СНД у Мінску будуць гаварыць у першую чаргу пра эканоміку: агульны тавараабарот, гандаль, мытныя пошліны і барацьбу з кантрафактам. Галоўным чынам, вырашаць адну важную на сёння задачу - стварэнне паўнавартаснай зоны свабоднага гандлю. Спачатку ў рамках “пяцёркі”, а паступова трансфармаваць яе на ўсю прастору СНД.

Сёння Еўразійская эканамічная камісія шчыльна займаецца падпісаннем пагадненняў пра свабодны гандаль і з трэцімі краінамі. Тут арганізацыя накіроўвае погляды на Усход. Такія дакументы ўжо ёсць з В'етнамам, на падыходзе Індыя і Кітай.

Тэма гэтая гучала сёння і ў Сколкаве на першым выставачным форуме краін ЕАЭС "Еўразійскі тыдзень". Пагадненні з трэцімі краінамі аб свабодным гандлі эксперты завуць не самамэтай, а пошукам новых крыніц эканамічнага росту. А таксама інструментам падтрымкі экспарту і прыцягнення інвестыцый.

Для нас выхад на рынкі бязмытнага гандлю забяспечыць рэжым якасна новага экспарту. У Беларусі на гэты конт пазіцыя нязменная: такія крокі мы падтрымліваем. Але заробяць яны на ўсе 100, калі і ў ЕАЭС не будзе выключэнняў, якія пакуль яшчэ перашкаджаюць узаемнаму гандлю.

Сустрэча прэм'ераў Еўразійскага эканамічнага саюза ўжо чацвёртая сёлета. Але пытанняў на парадку дня менш не становіцца. Прычым многія з іх чакаюць рашэння менавіта на ўзроўні кіраўніцтваў кабінетаў міністраў. Заўтра іх абмяркуюць у Палацы Рэспублікі спачатку ў вузкім, а затым і ў пашыраным складзе "пяцёркі".

Гутарка пойдзе і пра кантроль над перамяшчэннем тавараў на тэрыторыі ўсяго саюза, а таксама пра праекты бюджэту на наступны год і новы Мытны кодэкс ЕАЭС.

Гэты дакумент сёння апублікавалі на "Еўразійскім тыдні", канчатковы варыянт ужо заўтра ў Мінску. Кодэкс завуць карысным для бізнесу і дзяржорганаў.

Мэта гэтай выставы - не толькі распавесці і паказаць магчымасці Беларусі ў розных сферах эканомікі, але і знайсці новых бізнес-партнёраў на рынку дзяржаў ЕАЭС. Менавіта ў гэтым вялізны патэнцыял для інтэграцыі.

На гэта нацэленыя і нашы партнёры па Садружнасці, якой ужо 25. Напярэдадні вялікіх пасяджэнняў галоўныя тэмы для дыскусій гучалі сёння ў беларускім урадзе на сустрэчы прэм'ера Андрэя Кабякова і Выканаўчага сакратара Сяргея Лебедзева.

Пасяджэнне ў Мінску - першае пасля сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці ў верасні ў Бішкеку. Тады былі прынятыя вельмі важныя рашэнні ў жыцці арганізацыі. Галоўным чынам, па павышэнні эфектыўнасці яе органаў у цяперашніх рэаліях.

А сустрэча ў Мінску - гэта зверка гадзіннікаў у рэалізацыі рашэнняў, пазначаных кіраўнікамі дзяржаў. У першую чаргу, наконт зоны свабоднага гандлю, харчовай бяспекі.

Да падпісання рыхтуюцца і пагадненні ва ўзаемадзеянні ў горна-металургічнай галіне, аўтамабілебудаванні, у процідзеянні распаўсюджванню кантрафакту ў Садружнасці. Таксама за круглымі сталамі кіраўніцтвы кабінетаў міністраў будуць гаварыць пра вытворчасць і спажыванне энергарэсурсаў, стварэнне інфармацыйнага грамадства і развіццё рынку інтэлектуальнай уласнасці на 10 гадоў наперад.