У Доме ўрада далі справаздачу аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за 2016 год

21 июня 2017

Дэпутаты прызнаюць: дакумент са сваімі задачамі справіўся. Парламентарыі і кіраўнікі міністэрстваў адзначылі: у Беларусі прыйшлося падтрымліваць шэраг сфер і прадпрыемстваў, аднак улады не адмаўляліся і ад датацый у сацыяльную сферу. Справаздача працы ўрада ў рэпартажы Веранікі Бута.

Рэспубліканскі бюджэт за 2016-ы быў выкананы з прафіцытам, нават нягледзячы на няпростыя знешнеэканамічныя ўмовы: цэны на нафту і калійныя ўгнаенні пайшлі ўніз, складанасці былі і ў нашых асноўных гандлёвых партнёраў. Таму на працягу года прыходзілася ўносіць карэктывы, аптымізаваць артыкулы выдаткаў. Прафіцыт, які ў выніку ўтварыўся (а гэта каля 1 млрд рублёў), быў накіраваны на пагашэнне дзярждоўгу. Самае галоўнае - захавалася сацыяльная накіраванасць бюджэту.

Акрамя сацпадтрымкі і выплат па абавязацельствах, летась змаглі дапамагчы экспарцёрам, а таксама падтрымаць нацыянальную эканоміку (у частцы кампенсацыі працэнтных ставак па крэдытах). Усяго з бюджэту патрацілі больш за 16,5 млрд рублёў, зарабілі без малога 18. Амаль як і планавалі.

Летась на зарплаты ў бюджэтнай сферы дзяржава патраціла больш за 5 млрд рублёў, гэта значыць каля траціны кансалідаванага бюджэту краіны. Шмат траціліся і на пенсіі (гэта асноўны артыкул расходаў Фонду сацабароны), пры гэтым захоўваючы сацыяльныя абавязацельствы.

Дарэчы, ва ўрадзе ўжо абмяркоўваюць асноўныя напрамкі бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі на будучы год. І каб прагноз атрымаўся максімальна дакладным, дэпутаты ўлічаць выкананне бюджэту-2016.

Усяго ж на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў разгледжана 8 пытанняў. Адно з іх прадугледжвае з'яўленне ў нашай краіне інвестыцыйных фондаў. Такі законапраект дэпутаты абмеркавалі сёння ў другім чытанні. Калі дакумент пройдзе ўсе працэдуры ўзгаднення, то інвестфонды могуць запрацаваць ужо ў сярэдзіне наступнага года.

Гэты закон мінімізуе рызыкі невялікіх укладчыкаў, а таксама гарманізуе заканадаўствы ў рамках ЕАЭС. Другі законапраект - па пытаннях абароны - прадугледжвае з'яўленне ў Беларусі службы па мабілізацыі. Дэпутаты сёння прынялі дакумент у першым чытанні. Новы від ваеннай службы, упэўненыя ў Мінабароны, зніме шмат пытанняў, з якімі сутыкнулася наша паўднёвая суседка - Украіна.

Традыцыйнымі застануцца і планавыя мерапрыемствы. Так, Беларусь і Расія рыхтуюцца да правядзення сумесных стратэгічных вучэнняў Узброеных сіл "Захад-2017". А паветраны парк плануецца папоўніць чатырма вучэбна-баявымі самалётамі Як-130.

Таксама ў першым чытанні разгледзелі змяненні ў законе аб ветэранах. Так, у заканадаўстве Беларусі можа з'явіцца катэгорыя ветэранаў органаў фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.