Месцам дыслакацыі выбрана самае буйное разведанае радовішча - "Гатча-Восаўскае". Раней на гэтай тэрыторыі здабывалі торф. Старацелі працуюць увесь светлавы дзень, за тыдзень намываюць каля 10 кілаграмаў закамянелай смалы.
Вікторыя Патоня адправілася па бездарожжы, каб на свае вочы ўбачыць, дзе нараджаецца сонечны камень. На гэтай карце - гісторыя разведкі бурштыну. Пазначаны контуры 22 залежаў. 60 % з іх знаходзяцца пад вадой. Спецыялісты гавораць, у нетрах каля 6 тон арганічнага мінерала. Яшчэ ў савецкія гады геалагічная разведка выказала здагадку: у Брэсцкай і Гомельскай абласцях залягае сонечны камень. Але запасы ў маштабах вялізнай краіны тады палічылі нязначнымі, а здабычу - клопатнай і нерэнтабельнай. Дробныя залежы, прынесеныя ледніком з Прыбалтыкі, больш даступныя і разведаныя. Самае буйное з іх - радовішча "Гатча" пад Брэстам, тэрыторыя торфазавода. Камень залягае на глыбіні да 10 метраў. Дабрацца сюды можна толькі на спецтэхніцы - такое бездарожжа. Вось ужо 4 месяцы тут працуюць старацелі.
Шлях да залежаў бурштыну зусім няпросты. Перамяшчацца прыходзіцца па сушы і вадзе. Камень знаходзіцца на глыбіні, у балоце. Таму мы зараз перасаджваемся ў лодку, каб убачыць, як здабываюць бурштын.
Здабываюць самацветы на земснарадзе з дапамогай помпы. Плывучы экскаватар расчышчае балота, прыбірае зараснікі. Зямлю прасейваюць праз металічную сетку, бурштын у літаральным сэнсе адлоўліваюць. Працуюць увесь светлавы дзень і намываюць каля 10 кілаграмаў каменя.
Пакуль старацелі і геолагі адпрацоўваюць залеж плошчай 3 футбольныя палі. І працягнуць здабычу да маразоў.
Сонечны камень заўсёды цікавіў, у тым ліку і чорных капальнікаў. Тут яны таксама пакінулі сляды. Вывернуты грунт і смецце ўскладняюць пошукі. Гэтым разам работы вядуцца афіцыйна, пад кантролем Міністэрства прыродных рэсурсаў.
Геолагі гавораць, што ў нетрах беларускай зямлі залягае бурштын тыпу сукцыніт. Мінерал мае свае асаблівасці, але не менш каштоўны.
Кожны здабыты камень падлічваюць і ахоўваюць. Бурштын плануюць аддаць на экспертызу гемолагам. Яны і дадуць эканамічную ацэнку: ці патрэбна Беларусі здабыча самацвета ў прамысловых маштабах, наколькі гэтыя работы могуць нанесці шкоду прыродзе.













