У Брэсце працягваецца будаўніцтва аўтаразвязкі Заходні абход

15 ноября 2017

Самы адказны і складаны ўчастак прац - узвядзенне кальцавой над чыгуначнымі пуцямі. І тэхнічна, і псіхалагічна. Пры будаўніцтве пуцеправода частку сем'яў па вуліцы Паплаўскага трэба было адсяляць. Гэта няпростае пытанне, але кампраміс быў знойдзены. На важнай для горада будпляцоўцы пабывала Вікторыя Патоня.

Для Брэста гэтая першая развязка такога маштабу. Будаўніцтва Заходняга абходу дапаможа вырашыць адразу некалькі праблем. Разгрузіць чыгуначныя пераезды, дзе вадзіцелі марнуюць час у пробках. Пераразмеркаваць транспартныя патокі ў горадзе і паменшыць выкіды вуглякіслага газу ад машын.

З кожным днём рысы будучай трасы становяцца ўсё больш выразнымі. Самы складаны ўчастак - узвядзенне кальца-развязкі над чыгуначнымі пуцямі. Каб працягнуць будоўлю, трэба адсяліць людзей з 16 дамоў. Кожная сям'я пакідае тут не толькі свае ўспаміны, але і частку жыцця.

Шматлікім сем'ям дамы дасталіся ў спадчыну. Тут вырасла некалькі пакаленняў. Перасяленцамі па вуліцы Папалаўскага сталі больш як 30 сем'яў. Пад знос трапілі толькі дамы па няцотным баку вуліцы. Праз два тыдні ад гэтых пабудоў не застанецца і следа.

Улады горада прапанавалі людзям кампраміс. Той, хто жыў на зямлі, яе не страціць. Праўда, замест Папалаўскага адрас прапіскі - вуліца Высакоўская. Усяго за кіламетр ад ранейшага месца жыхарства. Спецыяльна для перасяленцаў узвялі 15 новых дамоў з унутраным аздабленнем, участак - па 7 сотак на кожную сям'ю. Алёна Бажко ўладкоўваецца ў новым доме ўжо тыдзень. Квадраты засталіся ранейшымі, памянялася планіроўка. Пакуль, гаворыць, жывуць на чамаданах. На новы ўчастак перавозяць усё, нават любімыя кветкі.

Улады горада дапамагаюць з пераездам. Вылучаюць транспарт і грузчыкаў. Некаторыя сем'і з вуліцы Паплаўскага таксама адзначаць уваходзіны, але ўжо ў кватэрах шматпавярховак.

Набрацца цярпення прыйдзецца і тым, каго не перасяляюць. Астатняя палова вуліцы Паплаўскага знаходзіцца ў эпіцэнтры грандыёзнай будоўлі. Людзі будуць жыць паблізу ад пуцеправода.

Рух па Заходнім абходзе будзе 4-палосным. Пуцеправод злучыць два пункты пропуску: "Варшаўскі мост" і "Казловічы". Працягласць эстакады складзе амаль 3 км. Самым высокім месцам стане кальцо-развязка вышынёй 12 метраў. Фінансуецца праект з крэдытных сродкаў Банка развіцця і рэспубліканскага бюджэту. Будаўніцтва важнай для горада дарогі плануюць завяршыць у 2019 годзе.