У Барысаўскім раёне развіваюць малочную авечкагадоўлю

13 декабря 2017

Навуковыя падыходы ў вытворчасці карыснага, смачнага і абсалютна новага для нашага рынку прадукту. У Барысаўскім раёне на базе мясцовага завода развіваюць малочную авечкагадоўлю. І ўжо атрымліваюць першыя ўзоры прадукцыі, а ў планах наладзіць поўны цыкл перапрацоўкі для вытворчасці ёгуртаў і сыроў.

Антаніна Станкевіч ацаніла новы прадукт. Ігар Маркараў называе сябе піянерам. Упершыню пакаштаваў сапраўдны авечы сыр у Грэцыі і адразу загарэўся ідэяй - вырабляць такі смачны і якасны прадукт дома. Пароду для развядзення выбіралі на працягу некалькіх гадоў - не ўсе авечкі даюць малако. Спыніліся на французскай пародзе лакаун. Жывёліны з лёгкасцю прыжываюцца ў беларускім клімаце.

Зараз тут амаль 90 жывёлін. Галоўная задача для фермераў - максімальна павялічыць пагалоўе авечак. Пры дойным статку ў сто галоў можна будзе рэгулярна атрымліваць малако.

Стаўка на экалагічнасць. На гэтай ферме зусім не выкарыстоўваюць дабаўкі. Толькі натуральнае сена, якое вырошчваюць па спецыяльнай тэхналогіі, камбікорм, у якасці ласунку – хлебныя сухарыкі. Такім чынам атрымліваюць якасны прадукт тлустасцю мінімум 8 %.

У будучыні тут плануюць выпускаць не толькі малако, але і сыр, ёгурт і тварог. У Інстытуце мяса-малочнай прамысловасці ўжо распрацоўваюць стандарты якасці для будучых прадуктаў. У поспеху спецыялісты не сумняваюцца, бо менавіта авечае малако лічыцца самым карысным для чалавека.

Ігар Маркараў застаецца рэалістам: пры добрых умовах першую партыю прадукцыі тут выпусцяць не менш чым праз два гады. Спачатку для ўнутранага рынку.