У Белаазёрску выпусцілі доследны ўзор электрычнага катла

23 января 2017

У Белаазёрску выпусцілі доследны ўзор электрычнага катла, прызначанага для абслугоўвання цэлых гарадоў.

Запоўніць нішу, якая ў Беларусі пакуль яшчэ не занятая. У Белаазёрску на энергамеханічным заводзе выпусцілі доследны ўзор электрычнага катла, які прызначаны для абслугоўвання цэлых пасёлкаў і гарадоў. На прадпрыемстве ўпэўненыя, што патрэбнасць у прадукце ўзрасце з уводам Беларускай АЭС.

Эфектыўнасць і перспектывы айчыннай распрацоўкі ацаніла і Вікторыя Патоня. Гэты завод у Белаазёрску адзіны ў краіне, дзе вырабляюць сілавыя трансфарматары і катлы вялікай магутнасці, якія працуюць на мясцовых відах паліва, а таксама запчасткі да іх. Ёсць уласная ліцейная вытворчасць. Тут працуюць не на склад, а пад заказ. Траціна прадукцыі ідзе на экспарт: у Расію, Украіну, Эстонію. А гэты вялізны трансфарматар на 40 мегават - першы сумесны праект з палякамі.

Адна з апошніх распрацовак завода - электрычны кацёл для падагравання вады. Нягледзячы на сваю кампактнасць, ён здольны забяспечыць цяплом і гарачай вадой цэлы пасёлак прыкладна на тысячу жыхароў.

Дарэчы, гэта ўласная распрацоўка завода. За доследны ўзор катлоў вялікай магутнасці канструктары ўзялі дацкую тэхналогію. І прымянілі яе з улікам беларускіх рэалій, прычым, на перспектыву.

Доследны ўзор прэзентавалі спецыялістам сферы ЖКГ. Кацёл электроднага тыпу магутнасцю 4 мегаваты, каэфіцыент карыснага дзеяння 95 % - самы высокі з наяўных. Просты ў эксплуатацыі, рамонце і таннейшы за замежныя аналагі.

Аб распрацоўцы ведаюць у Міністэрстве энергетыкі і галоўным камунальным ведамстве краіны. Гавораць, што эфектыўнасць шмат у чым залежыць ад тарыфаў на электрычнасць.

Распрацоўку плануюць давесці да дасканаласці, наладзіць выпуск электракатлоў большай магутнасці і нават цэлых блок-модуляў. У кіраўніцтва прадпрыемства ёсць яшчэ адна задумка: асвоіць вытворчасць катлоў на біямасе. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя