У Беларусі завяршаецца ўборка азімага рапсу

2 августа 2013
Ён убраны на 95% плошчаў. Усяго намалочана больш за 750 тыс. тон рапсу пры ўраджайнасці 21,9 цэнтнера з гектара. Пра галоўную алейную культуру Беларусі раскажа Аляксандр Свірскі.



У Беларусі рапс спрабавалі вырошчваць яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя. Але да маштабнай апрацоўкі справа так і не дайшла: еўрапейскі азімы рапс не змог вытрымаць нашых маразоў. За справу ўзяліся навукоўцы, і сёння ва ўсіх абласцях краіны культура дае добры ўраджай.

Стварэнне новых гібрыдаў можа прывесці да павышэння прадукцыйнасці амаль на 20%.
Да таго ж, больш рацыянальныя падыходы да земляробства і збору ўраджаю таксама могуць даць адчувальную выгаду. Да прыкладу, у Віцебскай вобласці сёлета ўраджайнасць склала 17,4 цэнтнера з гектара. Гэта самы высокі паказчык за апошнія 5 гадоў.
З палёў алейная культура паступае на маслаэкстракцыйны завод. З дапамогай спецыяльнага робата лабаранты бяруць спробы рапсу. Дзякуючы гэтаму ўнікальнаму абсталяванню, пакуль яшчэ адзінаму ў Беларусі, аналіз насення займае 2 хвіліны замест некалькіх гадзін. Ад вынікаў залежыць і кошт сыравіны.
Далей рапс паступае на перапрацоўку. Яго перамалочваюць, награваюць і прэсуюць, каб атрымаць алей. На шматлікіх заводах на гэтым тэхналагічная апрацоўка і заканчваецца. Але ў Віцебску з дапамогай новага абсталявання з атрыманай масы працягваюць здабываць карысную сыравіну.
Далей атрыманы алей адпраўляецца на ачыстку, не толькі на беларускія прадпрыемствы, але і за мяжу. Асноўнымі экспартнымі рынкамі з'яўляюцца прыбалтыйскія і скандынаўскія краіны. Рапсавы алей навукоўцы назвалі паўночным аліўкавым за падабенства ўласцівасцяў, а па некаторых элементах і яго перавагу. Не выкідваецца і прадукт, што застаўся. Шрот завадчане раздаюць сельгаспрадпрыемствам. У якасці кармавой базы ён спрыяе павелічэнню надояў кароў. Збор азімага рапсу на тэрыторыі Віцебскай вобласці ўжо завершаны. У запасніках Віцебскага маслаэкстракцыйнага завода ўжо знаходзіцца адна трэць гадавога аб'ёму перапрацоўкі гэтай культуры. І гэта не ўсё - наперадзе яшчэ і збор яравога рапсу.