У Беларусі завяршаецца пасяўная кампанія

17 мая 2017

Няпростыя ўмовы надвор’я ў пачатку мая зацягнулі вяснова-палявыя работы на поўначы краіны. І на шматлікіх палях укласціся ў аптымальныя тэрміны ўжо не атрымліваецца. Каб не страціць кармы, аграрыі вымушаныя змяняць структуру пасяўных плошчаў. Упор на аднагадовую траву і кукурузу. Аб неабходнасці рацыянальнага падыходу ў вяснова-палявых работах гаварылі і ў Прэзідэнта падчас прызначэння новых кіраўнікоў раёнаў. Пасеяць якасна - такое ключавое патрабаванне Кіраўніка дзяржавы. Які ўраджай чакаць сёлета - даведвалася Вольга Маслоўская.

Вяснова-палявыя работы ў сельгаспрадпрыемстве "Мнюта" звычайна завяршаюць напачатку мая. Вясна 2017 стала выключэннем. Сёлета ў аўтсайдарах аграрыі ўсяго раёна. Сёмы дзень без дажджоў, але заехаць на палі па-ранейшаму складана.

Пасля красавіцкіх ліўняў, калі за дэкаду выпала месячная норма ападкаў, вада на цяжкіх гліністых глебах стаяла як у талерцы. У самы пік агратэхнічных тэрмінаў трактара былі не на раллі, а на лінейцы гатоўнасці.

Зямля сохне павольна - паблізу грунтавыя воды. Таму аруць выбарачна. Цяжкія машыны часта буксуюць, а тое і зусім гразнуць, без дапамогі не выбрацца.

Пасяўная зацягнулася на два тыдні. З 212 тысяч гектараў, аддадзеных у Віцебскай вобласці пад яравыя збожжавыя, траціна плошчаў не засеяна. Аптымальныя тэрміны прапушчаны. Каб прадухіліць магчымы дэфіцыт кармоў, аграрыі робяць стаўку на іншыя культуры.

Няпростая сітуацыя ва ўсіх заходніх раёнах Віцебскай вобласці. На пясках - у Талачынскім, Аршанскім, Віцебскім раёнах - карціна куды лепшая. Яравы збожжавы клін завершаны.

На палях "Рудакова" пачынаюць сяўбу кукурузы. Але і там трактары яшчэ абыходзяць лужыны. Каб не патануць, тэхніка працуе на спараных колах.

Нягледзячы на капрызы надвор'я, у сельгаспрадпрыемстве маюць намер атрымаць нядрэнны ўраджай элітнага насення збожжавых. У Віцебскім раёне чатыры элітгаспадаркі. "Рудакова" - адна з іх. Гэтае поле паспелі засеяць яравым ячменем да дажджоў. Упэўненыя, ураджай будзе добрай якасці.

Стаўку ў рэгіёне робяць на азімыя. Перазімавалі культуры добра. А вось дажджы і майскі мінус зачапілі. Інтэнсіўнага догляду, абароны ад хвароб патрабуюць пашкоджаныя нізкімі тэмпературамі расліны зімавога рапсу. Страты і ў садаводаў. Снежны май падмарозіў ягадныя кусты. Спецыялісты Лужаснянскай сортавыпрабавальнай станцыі прагназуюць страты ўраджаю чарнаплоднай рабіны на 30 %, парэчкі на 70.

Менш дасталася яблыням. Тамму восенню разлічваюць аддаць у гандлёвыя сеткі каля 400 тон беларускага "салодкага" і "сябрыны".