У Беларусі стартавала ўборка кукурузы на зерне

10 сентября 2019

Частка ўраджаю пойдзе ў харчаванне. Астатняе  - у насенны фонд. Паралельна працягваецца нарыхтоўка культуры на сілас. Нядрэнныя паказчыкі ў гэтым  - у аграрыяў самага кукурузнага раёна краіны  - Мазырскага. Ураджайнасць там дасягае 100 цэнтнераў з гектара. Ну і тэмпы ўборкі  - на ўзроўні. Праўда, на такім фоне асобныя раёны прыкметна адстаюць. Калі так пойдзе і далей  - можна страціць і ў якасці ўраджаю, і ў яго колькасці. Чаму так адбываецца і што рабіць, каб пазбегнуць страт, разбіраліся нашы карэспандэнты.

Аграрыі мабілізавалі намаганні  па ўборцы кукурузы і нарыхтоўцы насеннага фонду

Камбайн 1218 у гэтым жніве  - дэбютант. Працуе ў пары з вопытным тысячнікам  - Алегам Рыхцікам.  Аграрны дуэт з круга збірае па 70 цэнтнераў. Пачаткі  трапляюць у малацільны  барабан, таму ў бункер ідуць ужо ачышчаныя бурштынавыя зерні.

Мазырскі раён   для Гомельскай вобласці -  самы кукурузны. Гэтая культура тут займае 55 % плошчаў. У гэтыя дні яе прыбіраюць і на збожжа, і на сілас. Сярэдняя ўраджайнасць зялёнай масы - 180 цэнтнераў з гектара. І калі ў Мазырскім тэмпы ўборкі высокія, то ў некаторых іншых раёнах   хуткасць трэба было б  дадаць.

З кожным днём у раслінах усё менш вільгаці, а з ёй і пажыўных рэчываў. Сцябло, як правіла, пачынае падсыхаць знізу. Да прыкладу, вось гэтае жоўтае лісце, хутчэй за ўсё, асыпіцца  і пад нож камбайна ўжо не трапіць.

Ідэальны перыяд уборкі сіласу - найбліжэйшыя 3 тыдні. Калі ж зацягнуць  - страты стануць адчувальныя, а надвор'е пяройдзе на восеньскі рэжым і можа надоўга спыніць уборку.

Захаваць кукурузнае збожжа  - задача не менш стратэгічная. Добры прыклад у гэтым  - флагманская гаспадарка "Зара". Тут прымяняюць  сучасную тэхналогію  - плюшчэнне  збожжа ў 60-метровыя поліэтыленавыя рукавы. Іх ёмістасць  - 90 тон. Без страты якасці захоўваць ураджай такім чынам можна да двух гадоў. Як вынік  - эканамічная выгада.

Ужо зараз думаюць аграрыі і аб нарыхтоўцы насення. Патрэбнасці краіны ў іх на 40 % закрывае  кукурузакалібровачны завод у Мазыры. Тут працуюць з 8-ю гібрыдамі. Зараз прыёмка пачаткаў  ідзе ў рэжыме нон-стоп. Праца ў 3 змены. Ля лінейкі  - 60 чалавек. З пачатку кукурузнага жніва прынялі ўжо 2 тысячы тон ураджаю. 120 гадзін на сушку, затым  - малацьба, лабараторныя тэсты і каліброўка. На стварэнне таварнага зерня  сыходзіць месяц.

Мікалай Рубаха, дырэктар КСУП "Эксперыментальная база "Крынічная": "Паляпшаем тэхналагічныя працэсы для таго, каб у далейшым меней траўміраваць насенне, каб яно было больш цэлае, не мела мікратрэшчын. І таксама інтэнсіўна працуем у плане рэжымаў сушкі насення, дапрацоўваем тэхналогію, каб аптымальныя тэмпературныя рэжымы найменшы ўплыў аказвалі на якасць насення".

Дарэчы, зерневых з улікам кукурузы па ўсёй краіне ўжо намалацілі  больш за  6 з паловай мільёнаў тон. Завяршыць працы плануюць у наступным месяцы. На тым жа Мазырскім заводзе апошнюю партыю кукурузы прымуць 20 кастрычніка. Іх падрыхтоўку ў якасці насення завершаць да 1 красавіка. За гэты час па канвеерах завода пройдзе 20 тысяч тон ураджаю. Затым янтарнае   насенне раз'едзецца адгэтуль па ўсёй краіне, каб зноў легчы ў зямлю і даць новыя ўсходы.