У Беларусі ствараюцца спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу і прыцягнення інвестыцый

27 мая 2017

Так, у індустрыяльны парк "Вялікі камень" кантралёры не змогуць увайсці без дазволу адміністрацыі, а рэзідэнты вызваляюцца ад падаткаў на зямлю і нерухомасць і на 10 гадоў - на прыбытак.

Зараз вядуцца перамовы з патэнцыйнымі інвестарамі парка з Амерыкі. Наконт гэтага сёння гаварылі прадпрымальнікі і кіраўнікі міністэрстваў эканамічнага блока на суботніку. У пасёлку Калодзішчы яны добраўпарадкоўвалі зялёную зону вакол вадаёма. Такія працоўныя акцыі праводзяцца да дня прыняцця закона "Аб прадпрымальніцтве".

Уладзімір Калтовіч, Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі:

"Гэта такі своеасаблівы флешмоб для таго, каб адчуць дачыненне да агульнай справы. І гэта падкрэслівае, што прадпрымальніцтва як адна з формаў эканамічнага ўкладу ў развіццё краіны мае дачыненне да агульнай справы і актыўна разам з дзяржслужачымі працуе на вынік".

За агульнай справай ёсць магчымасць пагутарыць бізнесу і чыноўнікам, абмеркаваць спрэчныя моманты. Якраз зараз рыхтуецца пакет дакументаў па лібералізацыі і скарачэнні залішніх праверак. Чыноўнікі заяўляюць аб мараторыі на рост падаткаў да 2020 года. Да сярэдзіны чэрвеня рабочая група прыме канчатковае рашэнне па галоўных змяненнях.