У Беларусі зніжаецца памер стаўкі рэфінансавання

4 января 2017

Крэдыты насельніцтву і прадпрыемствам стануць таннейшымі. У Беларусі зніжаецца памер стаўкі рэфінансавання. Гэта сёння паведамілі ў Нацбанку.

З 18 студзеня стаўка знізіцца на 1 працэнтны пункт - з 18-ці да 17-ці гадавых. Летась гэты індыкатар памяншаўся чатыры разы. Апошні раз у жніўні: з 20 да 18%.

Як адзначае фінансавы рэгулятар, чарговае рашэнне наконт паніжэння прымалася з улікам шэрагу фактараў. Па-першае, інфляцыя па выніках 2016-га была ніжэйшай за прагноз - 11,5%. Па-другое, нягледзячы на паступовае памяншэнне працэнтных ставак па дэпазітах, даходы па іх застаюцца высокімі. Па-трэцяе, на ўнутраным рынку няма вялікага попыту на валюту як з боку прадпрыемстваў, так і насельніцтва. Як лічаць у Нацбанку, усё гэта станоўча паўплывае на запаволенне тэмпаў інфляцыі і выхад яе на адназначную лічбу ўжо ў першым квартале года.