У Беларусі хутка пачнуць вырабляць зарадныя станцыі для электрамабіляў

10 июля 2019

Вырабляць зарадныя станцыі для электрамабіляў неўзабаве пачнуць у Беларусі. Паўтара мільёна долараў у будаўніцтва тэхналагічнай вытворчасці гатовы ўкласці Глабальны экалагічны фонд. Праект - ініцыятыва Міністэрства прамысловасці. Ведамства ацэньвае вытворчасць зарадных станцый як перспектыўную: попыт на электракары ў свеце толькі за мінулы год вырас больш як на 60 працэнтаў. У 2018 прададзена электрамабіляў і гібрыдаў на падзарадцы на 800 000 адзінак больш, чым у 2017.

Мінг Янг, старшы праграмны менеджар Глабальнага экалагічнага фонду (ЗША): "Беларусь сёння ў нашым спісе адна з першых краін у эфектыўнасці рэалізацыі праектаў у галіне энергаэфектыўнасці, біяразнастайнасці і змены клімату. Таму мы рады працягнуць супрацоўніцтва. На наступныя чатыры гады Глабальны экалагічны фонд прафінансуе беларускія праекты на амаль дзевяць мільёнаў долараў. Тут важна быць спрытнымі. Бо хто першы прыйдзе з праектам,  той першы і атрымае дапамогу для яго рэалізацыі".

Аляксандр Ракаўскі, намеснік дырэктара ААТ "Выпрабаванні і сертыфікацыя бытавой і прамысловай прадукцыі "БЕЛЛІС": "Будучыня за электрамабілямі. Ёсць зарадная інфраструктура - мы заўтра атрымліваем вялізны эканамічны эфект. ГЭФ гатовы не толькі інвеставаць у прыродаахоўныя мерапрыемствы, ён гатовы інвеставаць грошы і ў сістэмныя эканамічныя праекты, якія нам абяцаюць вялікую выгаду".

За час працы ў Беларусі з фондам было рэалізавана 49 праектаў на суму больш як 250 мільёнаў долараў. Яны былі створаныя ў галіне энергаэфектыўнасці будынкаў і альтэрнатыўнай энергетыкі, захавання прыродных рэсурсаў і будаўніцтва экалагічна прывабных прадпрыемстваў.