У Беларусі з 1 ліпеня ўводзіцца спецыяльная электронная сістэма спагнання дарожных збораў

26 мая 2013

Зараз, каб заплаціць за дарогу, вадзіцелю не трэба будзе спыняцца ля кожнага пункта пропуску і нават не прыйдзецца зніжаць хуткасць. Гавораць, што такая сістэма хутка акупляецца і прыносіць вялікі прыбытак, які, зноў жа  можна пусціць на будаўніцтва і рамонт дарог.


Каб больш даведацца пра навінку, Кацярына Шыбко зняла рэпартаж дзесьці паміж Мінскам і Варшавай.

Паляк Рышард Грынка 30 гадоў за рулём вялікай машыны. Гаворыць, што  нягледзячы на самавіты стаж праца яшчэ больш пачала падабацца. Ездзіць стала значна прасцей пасля таго, як у Польшчы запрацавала сістэма электроннай платы за дарогі. Зараз, каб заплаціць за кіламетры, не трэба нават спыняцца.

У Польшчы гэта сістэма з'явілася два гады таму. Замест пунктаў пропуску ўстанавілі спецыяльныя рамкі. Праязджаючы цераз іх,  грошы за праезд спісваюцца аўтаматычна. Для гэтага на лабавое шкло аўтамабіля мацуецца спецыяльнае прыстасаванне, якое і абменьваецца інфармацыяй з так званым сканерам на металічнай рамцы. Калі яго не прымацаваць або, напрыклад, зняць, гэта тут жа зафіксуюць камеры. Прычым, пакуль парушальнік не заплаціць штраф, цераз мяжу яго наўрад ці прапусцяць.

Прыстасаванне, якое мацуецца на лабавое шкло, яго яшчэ называюць бартавым, бярэцца ў спецыяльных пунктах абслугоўвання кліентаў, там жа і папаўняецца рахунак за праезд. Такая працэдура афармлення для адной машыны доўжыцца максімум 15 хвілін. Зразумелая справа, раней вадзіцелі марнавалі значна больш часу, каб заплаціць на кожным пункце пропуску.

Такія пункты абслугоўвання кліентаў, дзе можна ўзяць прыстасаванне, знаходзяцца ў кожным ваяводстве (у Беларусі яны будуць у кожным абласным цэнтры), а таксама на запраўках і прыгранічных зонах. Першапачаткова, калі сістэму ў Польшчы толькі пачыналі рэалізоўваць, тут вырашылі зрабіць каля тысячы платных кіламетраў. Зараз іх больш за 2 тысячы. Гэта звязана ў тым ліку і з тым, што праект вельмі хутка акупіўся  - за рэкордныя 17 месяцаў. Зараз толькі прыбытак.  Ён ідзе на будаўніцтва і мадэрнізацыю іншых магістраляў.

Такі ж праект запрацуе і ў Беларусі ўжо з 1 ліпеня. Тэхнічна сістэма нічым не будзе адрознівацца ад польскай, чэшскай і аўстрыйскай. Розніца толькі ў тым, што ў Еўропе за дарогу плацяць абсалютна ўсе, у нас праезд для вадзіцеляў краін Мытнай тройкі будзе бясплатным. Пра тое, што праект перш за ўсё   павінен быць у інтарэсах беларусаў, гаварыў і Кіраўнік дзяржавы на нарадзе па пытаннях укаранення сістэмы платных дарог.

У Беларусі платнымі стануць 815 кіламетраў. Гэта самыя галоўныя дарожныя артэрыі, па якіх часцей за ўсё праходзіць транзітны транспарт. На некаторых з гэтых участкаў спецыяльныя металічныя рамкі ўжо ўстанаўліваюць.

Віктар Танаеўскі, старшыня дырэкцыі ЗТАА Капш Тэлематык Сэрвісіз: Праект, вядома, вельмі патрэбны. Таму што мы даўно гаварылі, што Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні Еўропы і Захаду, Поўначы і Поўдня. Тут вельмі шмат праходзіць транзітнага трафіку. У Чэхіі, у Германіі і ў суседняй Польшчы ўсе гэтыя дарогі платныя. І ўсе плацяць па новых тэхналогіях.

Кошт будзе залежаць ад параметраў машыны - яе восяў. Плата, зразумела, у беларускіх рублях, але яна будзе прывязаная да курсу еўра. Найменш заплацяць легкавушкі - на сёння  гэта каля 450 рублёў за кіламетр, больш за ўсіх - аўтамабілі з чатырма восямі - звыш  тысячы рублёў. Усе гэтыя грошы будуць накіраваныя на рамонт дарог. Кошт беларускага праекта больш за 260 мільёнаў еўра. Не выключана, што ён акупіцца раней чым праз тры гады.