У Беларусі з'явіцца вытворчасць лекаў у шпрыцах з дакладнай дазіроўкай

9 апреля 2015

У Беларусі з'явіцца вытворчасць лекаў, разлітых у стэрыльныя шпрыцы і адразу ў дакладнай дазіроўцы. Асабліва актуальная навінка для пацыентаў, у рэцэпце якіх паказана мікрадоза. Новы цэх з'явіцца на найбуйнейшым фармацэўтычным прадпрыемстве краіны - "Белмедпрэпараты". Пакуль незвычайныя шпрыцы толькі ў планах. У рэальнасці ўжо наяўнае не менш актуальнае - вытворчасць супрацьпухлінных прэпаратаў. Цэх зусім малады - яму ўсяго паўтара года. Але за гэты час ім выпушчана лекаў на амаль 170 мільярдаў рублёў.

Сёння і заўтра беларускай фармацэўтыкі супраць анкалогіі - у рэпартажы Улады Карніцкай.

Такая вытворчасць на постсавецкай прасторы ёсць толькі ў Беларусі. І магчымым гэта стала дзякуючы спецыяльным ізалятарам. У іх, сцвярджаюць работнікі цэха № 2, не прабярэцца ні адзін мікроб. Чалавеку без спецыяльнага адзення сюды таксама ўваход забаронены.

Марына Бясполава, начальнік цэха па вытворчасці супрацьпухлінных прэпаратаў РУП "Белмедпрэпараты": "Такая вытворчасць з'яўляецца па праве сучаснай, адпавядае міжнародным стандартам вытворчасці лекавых сродкаў, высокаэфектыўных, дарагіх. Такія цэхі праектуюцца такім чынам, што ўсе асептычныя працэсы знаходзяцца ўнутры, у так званым асептычным ядры, допуск да якога дазволены персаналу, які праходзіць сур'ёзныя працэдуры".

І ўсё для таго, каб змагацца з анкалогіяй. Тут ужо вырабляюцца 3 абсалютна ўнікальныя супрацьпухлінныя прэпараты, у свеце іх больш нідзе не існуе. Усяго ж цэх выпускае 26 лекаў супраць анкалогіі.

Канстанцін Фралянкоў, намеснік генеральнага дырэктара РУП "Белмедпрэпараты" па пытаннях інавацыйнага развіцця: "Па якасных і колькасных характарыстыках яны нічым не адрозніваюцца, адрозніваюцца толькі па кошце. Шматлікія прэпараты разоў у 6 таннейшыя, чым арыгінальныя. Зніжэнне кошту адбываецца шляхам зніжэння не вытворчых выдаткаў, гэта выдаткі на рэкламу, на ўтрыманне вялікага штата спецыялістаў, якія прасоўваюць лекавы сродак".

Толькі за мінулы год у гэтым цэху было выраблена амаль 14 мільёнаў флаконаў і ампул з супрацьпухліннымі лекамі. Палова з іх прызначана для беларускіх пацыентаў. Каля 30% адпраўляецца на экспарт. Прычым купляюць нашы лекі больш як у 2 дзясятках замежных краін.

Краіны СНД, В'етнам, Тайланд, Лаос, у тым ліку і Сірыя. Напярэдадні дэлегацыя з гэтай краіны прыехала на завод па чарговы кантракт. Летась клінікі гэтай арабскай краіны закупілі беларускіх прэпаратаў на 300 тысяч еўра. Не выключана, што сёлета лічба як мінімум падвоіцца

Худа Саід, намеснік міністра аховы здароўя Сірыйскай Арабскай Рэспублікі: "Мы ў асноўным зацікаўлены ў супрацьпухлінных прэпаратах. Іх нашым пацыентам мы выдаём бясплатна. Для нас Беларусь - дружалюбная краіна, а закупляем лекі мы толькі ў такіх краінах. І тут яшчэ немалаважна, што якасць добрая, вытрыманы ўсе сусветныя стандарты, а кошт значна ніжэйшы, чым у той жа, напрыклад, Заходняй Еўропе".

Вытворчасць супрацьпухлінных прэпаратаў даволі дарагая. Паводле слоў спецыялістаў, далёка не ўсе нават вядучыя фармацэўтычныя гіганты свету могуць сабе яе дазволіць. З гэтай задачай беларускія вытворцы справіліся. На чарзе яшчэ адна - пашырэнне геаграфіі экспарту.

Іван Парчэўскі, намеснік генеральнага дырэктара РУП "Белмедпрэпараты" па знешнеэканамічнай дзейнасці: "Атрыманне міжнароднага сертыфіката GMP нашым прадпрыемствам дазволіла праводзіць агрэсіўную палітыку ў частцы ажыццяўлення рэгістрацыі нашых прэпаратаў у краінах Афрыкі і Азіі. У першую чаргу гэта тычыцца супрацьпухлінных прэпаратаў. У найбліжэйшы час плануецца ініцыяваць працэдуры рэгістрацыі ў краінах Паўднёвай Амерыкі, а таксама ахапіць астатнія дзяржавы Афрыканскага кантынента, а таксама шэраг азіяцкіх краін".

Акрамя супрацьпухлінных, тут таксама вырабляюць і іншыя лекі. Але ў прыярытэце застаецца барацьба з анкалогіяй. Сёлета, абяцаюць спецыялісты, тут выпусцяць яшчэ 4 новыя супрацьпухлінныя прэпараты.