У Беларусі пачалася ўборка зялёнага гарошку

17 июля 2018

Першымі гэтую культуру збіраюць аграрыі Гомельскай вобласці. Пастаўляюць яе не толькі на ўнутраны рынак, але і ў суседнія краіны. Уласны ўраджай у рэгіёне перапрацоўваюць на трох заводах. Працуюць у некалькі змен. Засуха, якая была ў пачатку лета, вядома, адбілася на ўраджаі, але гэта не перашкодзіла стаць некалі паўднёвай для Беларусі культуры традыцыйнай.

Як праходзіць яе ўборка, у палях даведвалася Ганна Кавалёва. Гэты камбайн па нацыянальнасці галандзец. Па функцыянале адаптаваны пад уборку гароху ў Беларусі. Тэхніка адразу ачышчае расліну ад стручкоў, пакідаючы суцэльныя гарошыны. Такім спосабам за дзень збіраюць 30 тон ураджаю. Культура капрызная, таму працуюць з ёй паводле спецтэхналогіі: палі засяваюць не ўсе адразу, а з прамежкамі. Так паспяванне культуры і яе збор праходзяць паэтапна.

Сёлета пад гарох у гаспадарцы адвялі 154 гектары. З моманту сяўбы палі двойчы апрацоўвалі ад пустазелля. Сярод ворагаў і засуха, якая на поўдні Беларусі сёлета задала дыхту.

У Брылёве закладваюць у зямлю самыя ўраджайныя гатункі на ўсім еўрапейскім рынку. Дзякуючы чаму, хоць і са зніжэннем, але ўсё ж удаецца трымаць годную планку - больш як паўсотні цэнтнераў з гектара.

Культура налічвае мноства гатункаў. Напрыклад, на гэтым полі расце "радаван". Менавіта з яго гатуюць знакамітую салату аліўе. Ураджай адсюль пойдзе ў вытворчасць пад знакам "экстра".

Якасць гарошку вызначаецца тэхналагічнымі патрабаваннямі. З моманту ўборкі да перапрацоўкі павінна прайсці не больш за 2 гадзіны. У Брылёве гэты тэрмін вытрымліваюць строга - палі і кансервавы цэх зусім побач. Такое суседства дазваляе захаваць свежасць прадукту па максімуме. З поля на канвеер гарох трапляе за лічаныя хвіліны.

Ад свежай сыравіны да стварэння кансервавай банкі некалькі гадзін. Такім спосабам летась тут выпусцілі 3 000 500 умоўных кансерваў. Планка сёлета - на сотню больш. Аграрыі гавораць: брылёўскі гарошак ужо стаў візітнай карткай не толькі самога прадпрыемства, але і рэгіёна ў цэлым.