У Беларусі змянілася класіфікацыя банкаўскіх укладаў

12 ноября 2015

З сённяшняга дня ў Беларусі змянілася класіфікацыя банкаўскіх укладаў, а з 1 красавіка наступнага года працэнтны даход з кароткатэрміновых укладаў будзе абкладацца падаходным падаткам. Гэта прадугледжана дэкрэтам Прэзідэнта № 7, падпісаным напярэдадні. Нацбанк называе новы дакумент элементам стабільнасці фінансавага рынку і пераконвае, што ён будзе спрыяць зніжэнню долі гарачых укладаў і стымуляванню доўгіх грошай. Сёння рэгулятар правёў брыфінг, на якім падрабязна распавёў пра новыя віды дэпазітаў і пра тое, каму прыйдзецца заплаціць падаходны падатак з працэнтаў ад укладаў. Падрабязнасці ў нашага карэспандэнта Святланы Лук'янюк.

Новы дэкрэт, з аднаго боку, закліканы скараціць колькасць гарачых укладаў, якія проста становяцца менш выгаднымі. Зараз у банках палова з усіх дэпазітаў - трохмесячныя. А з другога - стымулюе прыток доўгіх грошай.

Тарас Надольны, першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Беларусі: "Банкі будуць зацікаўлены вось у гэтых умовах прапанаваць насельніцтву прадукт. Можа, гэта будзе абсалютна новы прадукт, не заснаваны на дэпазітах, каб прыцягнуць сродкі ў насельніцтва".

З сённяшняга дня ў нас два віды дэпазітаў. Гэта безадзыўныя. Тут укладчык не зможа вярнуць уклад да заканчэння тэрміну дзеяння дагавора. Ёсць агаворка на выключныя выпадкі, але рашэнне па іх прымае толькі банк, ніякага пераліку выключэнняў рэгулятар не рыхтуе. А таксама банкі прапануюць і адзыўныя дэпазіты, іх можна здымаць датэрмінова. Але яны менш прыбытковыя.

Тарас Надольны, першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Беларусі: "Стаўка, думаю, будзе ў раёне 25-30 % па безадзыўных дэпазітах, а па адзыўных з улікам вызначанай платы за рызыку ліквіднасці - 20-25 %".

Умовы па дзеючых дэпазітах змяняцца не будуць. Гэта тычыцца ўкладаў, дагаворы па якіх склалі да сённяшняга дня. Аднак Нацбанк мяркуе, што працэнтныя стаўкі па кароткатэрміновых дэпазітах банкі ўсё ж будуць зніжаць, каб зрабіць больш прывабнымі для кліентаў новыя безадзыўныя ўклады і тым самым стымуляваць так званыя доўгія грошы.

Класіфікацыя ўкладаў з міжнароднай практыкі. У Італіі, Фінляндыі, Францыі, Германіі магчымасць датэрміновага вяртання тэрміновых укладаў вызначаецца банкам і прапісваецца ў дагаворы. У Аўстрыі датэрміновае вяртанне лічыцца крэдытам, за які плацяць працэнты ад сумы вяртання. Заплаціць падаходны 13 % з некаторых дэпазітаў трэба будзе і ў Беларусі.

Аднак тут ёсць умовы, пры якіх падатак плаціць не трэба. Гэта калі грошы на рублёвым дэпазіце праляжалі год і больш, а на валютным - два гады і больш. Пры гэтым падаходны, калі трэба, будуць спаганяць толькі з працэнтаў. Пачне працаваць механізм з красавіка наступнага года.

Святлана Шаўчэнка, намеснкі Міністра па падатках і зборах Беларусі: "Менавіта банк будзе вылічваць, утрымліваць падаходны падатак у бюджэт, на грамадзяніна не ўскладваюцца абавязкі па дэклараванні такіх даходаў. Дэкларацыю падаваць не трэба".

Падатак на даходы з дэпазітаў - гэта не беларускае ноу-хау, а сусветная практыка. Яго плацяць у Германіі, Англіі і Іспаніі, а таксама ў суседніх краінах.

У Расіі з наступнага года пад падаткаабкладанне трапяць уклады, па якіх працэнты перавышаюць стаўку рэфінансавання на 5 пунктаў. І як бачна, падатак на дэпазіты ў Расіі 35 %. У Польшчы 19%, Літве і Украіне па 15, у Латвіі 10.

Ужо сёння банкі пачалі прапаноўваць кліентам новыя дэпазіты, адзначаючы адзыўныя яны або не, і падрабязна распавядаючы пра ўсе ўмовы прыцягнення грошай.