У Беларусь прыбыў першы грузавы цягнік з правінцыі Хэбэй

16 мая 2016

У сарака кантэйнерах - будаўнічыя матэрыялы для індустрыяльнага парка "Вялікі камень". За 16 дзён састаў пераадолеў 9,5 тысяч кіламетраў - гэта новы кітайскі транспартны калідор у Еўропу, частка "Эканамічнага пояса Шаўковага шляху". Для поспеху праекта неабходна, каб тавары пастаўляліся не толькі з Кітая ў Беларусь, але і з Беларусі ў Кітай. Час дастаўкі грузу па чыгунцы ў некалькі разоў менш, чым морам.

Ху Чжэн, генпрадстаўнік прадстаўніцтва "Чайна Мерчантс Груп" у раёнах Цэнтральнай Азіі і Балтыі:

"Гэта вельмі значная падзея. Цягнік ехаў 16 дзён праз Кітай, Казахстан, Расію і Беларусь. Гэта трансмежная дастаўка на вялікія адлегласці. Калі па моры, то спатрэбілася б мінімум 25 сутак. Скарачэнне часу дастаўкі забяспечыць эфектыўнасць будаўніцтва. Упэўнены, што па меры развіцця парка ўсё больш грузаў будуць дастаўляць менавіта чыгункай".

Склад, выставачны і бізнес-цэнтры ў гандлёва-індустрыяльным парку запрацуюць у наступным годзе. Сёння з'явіліся і першыя партнёры. Пратаколы аб намеры выкарыстаць гэтыя плошчы падпісалі кампаніі з Кітая і Беларусі, у тым ліку шклозавод "Нёман" і Аршанскі льнокамбінат.