У 2021 годзе Ленінградская вобласць і Беларусь павялічаць тавараабарот на 20 %

18 января 2021
Беларусь і Ленінградская вобласць плануюць павялічыць тавараабарот на 20 %.  Прадугледжана актывізацыя працы праз расійскія порты. Перспектыўныя сферы супрацоўніцтва  вывучыла Дар'я Белавусава-Пятроўская. 

Для Ленінградскай вобласці Беларусь - асноўны гандлёвы партнёр. Сярод краін СНД - заўсёды на першым месцы. Летась тавараабарот дасягаў паўмільёна долараў, але ўмяшалася пандэмія, і ён знізіўся на 7 %. І зараз, па словах губернатара Аляксандра Драздзенкі, ёсць усе перспектывы яго нарасціць. Адзін з новых кірункаў - пытанні экалогіі. У першую чаргу гэта звязана з пастаўкамі ў Ленінградскую вобласць беларускіх модульных станцый для ачысткі вады. Гэта ідэальны варыянт для невялікіх населеных пунктаў, дзе пражывае не больш як 5 тысяч чалавек. 

Аляксандр Драздзенка, губернатар Ленінградскай вобласці Расіі: "Станцыі атрымаліся вельмі добрыя, як раз тыя, якія патрэбныя Ленінградскай вобласці, якія дапамагаюць збіраць жалеза, мутнасць, прымешкі. Фактычна на выхадзе атрымліваецца добрая пітная вада. Ужо некалькі станцый зманціравана, на трох я асабіста піў ваду, выдатная вада. У нас кантракт вялікі, больш як 100 станцый мы хочам купіць,  добрая падтрымка ў наш тавараабарот".

Нарасціць тавараабарот дапаможа і пераход беларускіх грузаў з краін Балтыі ў парты Ленінградскай вобласці. Усць-Луга - адзін з самых універсальных.  13 тэрміналаў аказваюць паслугі па перавалцы больш як 20 відаў грузаў. Гэта нафта і нафтапрадукты, вугаль, сера, угнаенні, збожжа, драўніна і многае іншае. Зараз прапускная здольнасць порта за год - больш як 100 мільёнаў тон.  Да 2022  года яе плануюць павялічыць амаль у 2 разы.

Сумесная вытворчасць па гадоўлі рыбы

Яшчэ адзін кірунак - стварэнне сумеснай беларуска-расійскай вытворчасці па вырошчванні рыбы. Ленінградская вобласць мае патрэбу ў спецыялізаваных кармах. Гадавая патрэбнасць 1,5 мільёнаў тон. Зараз кармы для рыбы закупляюць у Нарвегіі, але гатовыя замяніць іх беларускімі. 

Пастаўка беларускай лясной тэхнікі

Таксама Ленінградская вобласць зацікаўлена ў пастаўках беларускай лясной тэхнікі. Не толькі па нарыхтоўцы і вывазцы, але і для пасадкі. Зараз вобласць актыўна развівае лесааднаўленне. Толькі сёлета пасадзілі больш як 400 гектараў. Вялікія перспектывы - у сферы будаўніцтва. Гэты новы кірунак супрацоўніцтва. Нядаўна беларуская кампанія выйграла тэндар на ўзвядзенне школы і дзіцячага сада ў адным з раёнаў Ленінградскай вобласці. І  калі праца задаволіць заказчыка, у будучыні размова ўжо пойдзе аб будаўніцтве жылых кварталаў, бальніц і спартыўных аб'ектаў.