У 2019 годзе МТЗ пачне выпускаць трактары з рухавікамі самай высокай экалагічнай ступені

28 ноября 2018

У наступным годзе МТЗ пачне выпускаць трактары з рухавікамі самай высокай - пятай - экалагічнай ступені. Кантракт на новую буйную пастаўку камплектуючых Caterpillar сёння падпісалі кіраўнікі МТЗ і нямецкай кампаніі-пастаўшчыка. Zeppelin Power Systems ужо шмат гадоў ажыццяўляе пастаўкі рухавікоў для лакаматываў Беларускай чыгункі, таксама абсталяванне для Мінскага завода колавых цягачоў і "Газпрам трансгаз Беларусь".

Фёдар Дамаценка, генеральны дырэктар ААТ "МТЗ": "Асноўная база гэтага кантракта - экспарт у Еўропу. Мы з імі дагэтуль працавалі некалькі гадоў, каб выйсці на такі ўзровень. Таксама мы абмяркоўвалі газавую тэматыку - пастаўкі газавага рухавіка, каб мы маглі забяспечыць расійскі рынак".

Новы экалагічны стандарт Stage V у еўрапейскіх краінах будзе ўведзены ў наступныя два гады. Ён больш строгі за дзеючыя экалагічныя нормы і накіраваны на абмежаванне выкідаў шкодных рэчываў у атмасферу.