У 2018 годзе адкрыта 20 новых інавацыйных вытворчасцяў

26 марта 2019

Палова новых інавацыйных вытворчасцяў, запушчаных летась, выйшлі на праектныя магутнасці.  Аб гэтым было заяўлена сёння на пасяджэнні прэзідыума Савета  міністраў.  Разглядалі  рэалізацыю Дзяржпраграмы інавацыйнага развіцця  да 2020 года.  У 2018-м  адкрылі 20 прадпрыемстваў,  удвая павялічылі выпуск нанапрадукцыі,  прычым 60 % яе экспартуем,  а таксама  стварылі 3 тысячы рабочых месцаў. Сярод яркіх праектаў - першы беларускі камп'ютарны тамограф, новая лінейка мікрасхем, біятэхналагічная кампанія па вытворчасці амінакіслот. 

Аляксандр Шумілін, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі: "Мы ўпершыню выйшлі на выкананне ўсіх паказчыкаў. Праграма набірае свой тэмп, пачынае даваць аддачу, таму што інавацыйная праграма - гэта вынік усіх нашых рэалізацый навукова-тэхнічных распрацовак, калі ўжо ствараюцца пэўныя вытворчасці. Планы ў нас - гэта электратранспарт, гэта робататэхніка, гэта прыборабудаванне, гэта біятэхналогіі,  гэта нанатэхналогіі, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Вельмі прыемна, што ў нас больш за 100 кампаній адносіцца  да высокіх тэхналогій, хай-тэк. Гэта ўжо не чыста кампаніі, якія працуюць у галіне  інфармацыйных тэхналогій, а кампаніі, якія вырабляюць як жалеза, так і адпаведна праграмны прадукт".

Але не ўсе праекты рэалізаваныя своечасова.  Адставанне будзе ліквідавана сёлета з улікам дапрацоўкі абсталявання і тэхналогій. Як прыклад - Гомельшкло.  Сярод іншых праблемных пытанняў - слабае асваенне сродкаў інавацыйных фондаў, да таго ж шматлікія не спраўляюцца ў тэрмін. Таму неабходна выразная сістэма пошуку і адбору  высокатэхналагічных праектаў на ўзроўні рэгіёнаў, а не на мадэрнізацыю праблемных прадпрыемстваў традыцыйных  галін.