Убачыць узвядзенне рэактара прама на будаўнічай пляцоўцы

24 апреля 2015

Больш за 20 замежных журналістаў наведалі сёння Беларускую АЭС. Усе ўдзельнікі экскурсіі прыехалі ў нашу краіну для асвятлення міжнароднага форуму "Атамэкспа". Сярод іх карэспандэнты з Расіі, Украіны і Венгрыі. Для апошняй дэлегацыі вопыт будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі важны асабліва - венгерская АЭС "Пакш" рыхтуецца да ўзвядзення двух новых энергаблокаў. Пра ўражанні калег рэпартаж Кацярыны Шыбко.

Прэс-тур на Беларускую атамную станцыю для замежных журналістаў пачаўся з наведвання інфармацыйнага цэнтра АЭС у Астраўцы. Менавіта тут кожны, хто жадае, можа атрымаць праўдзівую інфармацыю пра ход будаўніцтва станцыі і нават параўнаць яе з атамнымі станцыямі іншых краін. Усё гэта, вядома ж, бясплатна. За шэсць гадоў працы гэты цэнтр наведалі больш за 8 тысяч чалавек.

Эдуард Свірыд, начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў РУП "Беларуская атамная станцыя": "Я сам крыху журналіст. Я быў у прэс-турах на іншых пляцоўках, на іншых электрастанцыях. Я хачу сказаць, што Беларуская АЭС беспрэцэдэнтна адкрытая ў зносінах з журналістамі. Мы паказваем усё, мы нічога не ўтойваем. Мы водзім журналістаў і ўнутр будынка рэактара".

Замежныя журналісты пра такую адкрытасць гавораць, як пра адну з галоўных пераваг перад іншымі атамнымі будоўлямі. Падчас прэс-тура па пляцоўцы ўдзельнікі перамяшчаліся на аўтобусе. Абысці і паглядзець усё за 2,5 гадзіны (такі быў рэгламент) проста нерэальна. У праграме самыя важныя аб'екты - ад вытворчасці частак унутранай абалонкі рэактара да будучых энергаблокаў.

Уладзімір Сычоў, спецкарэспандэнт міжнароднага інфармацыйнага агенцтва (Расія): "Я сапраўды па-добраму ўражаны ходам будоўлі. Усё тое, што я пісаў, грунтуючыся на інфармацыі, якая паступала з будпляцоўкі, з прадпрыемстваў, апраўдваецца. Сапраўды, можна сказаць, што работы ідуць поўным ходам".

Усе ўдзельнікі прэс-тура - журналісты, якія прыехалі ў Беларусь для асвятлення міжнароднага форуму "Атамэкспа". На выставе нашу АЭС ім паказалі на макеце, а ўжо сёння яны самі пабывалі ў Астраўцы. Больш за 20 прадстаўнікоў прэсы з трох краін - Расіі, Украіны і Венгрыі напішуць пра Беларускую атамную станцыю. Гэты вопыт, прызнаюцца журналісты з Еўрапейскага саюза, для іх асабліва важны. Венгерская АЭС "Пакш" рыхтуецца да ўзвядзення двух новых энергаблокаў.

Лорант Коці, кіраўнік дэлегацыі журналістаў з Венгрыі: "Для нас усё гэта цікава, як гэта ўсё будзе адбывацца ў нас. Гэтыя маштабы вельмі ўражваюць. Першы раз убачыў станцыю, як яна будзе выглядаць - градзірня, рэактарная зала. Вельмі ўражвае арганізаванасць, як гэта ўсё манціруецца, падрыхтоўваецца".

Разам з украінскімі журналістамі будаўнічую пляцоўку Беларускай АЭС наведаў і экс-дырэктар Запарожскай атамнай станцыі, а цяпер кіраўнік Украінскага ядзернага таварыства. Уладзімір Броннікаў ужо быў тут год таму. І зараз, прызнаецца, уражаны не менш.

На будаўнічай пляцоўцы Беларускай АЭС працуюць каля 6 тысяч чалавек.

Сёлета паралельна будзе ўзводзіцца больш за 100 аб'ектаў. Сярод асноўных - першы энергаблок, што ўключае рэактар, турбіну і градзірню.

Будаўніцтва першага энергаблока плануюць завяршыць ужо ў лістападзе 2018 года. Такім чынам, электраэнергія на прадпрыемствы і ў дамы будзе паступаць ужо свая дзякуючы Беларускай АЭС. А адпаведна, прагназуюць спецыялісты, цана на гэты рэсурс будзе ніжэйшай. Акрамя гэтага, наша электраэнергія зможа ў будучыні прыносіць прыбытак у тым ліку і за кошт іншых дзяржаў. Бо ў перспектыве ніхто не выключае яе экспарт за мяжу.