Павелічэнне экспарту і мадэрнізацыя вытворчасці

26 апреля 2016

Мэблевыя фабрыкі Мінскай вобласці актыўна пашыраюць геаграфію паставак сваёй прадукцыі. На экспартнай карце з'яўляюцца новыя пункты. Сёлета гэта Вялікабрытанія, Арабскія Эміраты і Канада. Мэблю пад брэндам «Зроблена ў Беларусі» цэняць, у першую чаргу, за высокую якасць. Вытворцы робяць акцэнт на выкарыстанне больш дарагога, але надзейнага матэрыялу - масіву сасны і дуба. Надзея Сербіненка наведала горад мэблевай індустрыі – Маладзечна.

Мэблевая фабрыка ў Маладзечне – адна з найбуйнейшых у краіне. Тут вырабляюць корпусную і мяккую мэблю, абедзенныя групы - усяго больш за 500 найменняў. Акцэнт вытворца робіць на якасць дрэва. Тут выкарыстоўваюць у асноўным ліставыя пароды – масіў дуба, алешыны і бука.

За апошнія некалькі гадоў на фабрыцы прайшла мадэрнізацыя ўсіх цыклаў вытворчасці. Гэта дазволіла знізіць выдаткі і павысіць якасць мэблі. Як вынік – 65 % прадукцыі прадпрыемства пастаўляе на экспарт.

Асаблівую ўвагу вытворцы мэблі надаюць дызайну. Зараз у трэндзе не толькі хай-тэк і мінімалізм. Па-ранейшаму запатрабаванымі застаюцца мадэлі класічнага ўзору.

Нядаўна створаную асацыяцыю прадпрыемстваў мэблевай і дрэваапрацоўчай прамысловасці ўзначаліў Валерый Бушыла. Ад сыравіны да канчатковага прадукту – арганізацыя павінна стаць своеасаблівым кансалідатарам паміж вытворцамі.

Сёння ў асацыяцыю ўступіў яшчэ адзін маладзечанскі вытворца – беларуска-германскі мэблевы цэнтр. Фабрыка з самога заснавання стваралася як экспартна арыентаваная. Мэблю з масіву сасны купляюць у Францыі, Італіі, Эстоніі, Вялікабрытаніі, ЗША і Канадзе.

Мадэрнізацыя прадпрыемстваў па вытворчасці мэблі дазваляе выпускаць канкурэнтаздольны тавар. А дыверсіфікацыя рынкаў збыту значна пашырыць спіс спажыўцоў – прыхільнікаў якаснай мэблі, зробленай у Беларусі.