Ураджай-2017. Вынікі ўборачнага тыдня

19 августа 2017

Па традыцыі ў суботу нашы карэспандэнты падводзяць вынікі ўборачнага тыдня.

Пра тое, якая сітуацыя складваецца на палях у Гомельскай, Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, распавядуць мае калегі Вольга Халадовіч, Вікторыя Патоня і Дзмітрый Смірноў.

Гомельская вобласць.

Расказвае Вольга Халадовіч.

Вось гэта тыповая карціна палёў у Гомельскай вобласці. Уборачная практычна на фінішы. І гэта пытанне, хутчэй, нават не некалькіх дзён, а некалькіх гадзін.

Такі працэс можна назваць сапраўдным канвеерам. Камбайнеры апрацоўваюць палі, вадзіцелі вязуць ураджай на зернесклад, дзе збожжа, калі ёсць неабходнасць, даводзяць да патрэбнай кандыцыі. У кожнага свая задача, але ўсе працуюць як адзінае цэлае.

Можна сказаць, што сёлета ў рэгіёне ў жніва жаночы твар. Прадстаўніцы прыгожага полу дапамагаюць бацькам, мужам і братам. Ірына Расафонава на ўборцы ўжо дзясяты раз. Сёлета нават у свой дзень нараджэння ў полі.

А гэта ўжо ўборка другога хлеба. На палях камбіната "Усход" зараз іншыя камбайны - бульбаўборачныя. Ураджайнасць сёлета на ўзроўні леташняй. Зараз бульба ідзе на рэалізацыю. Але ў найбліжэйшы час у адным з самых буйных сховішчаў для агародніны ў краіне будуць закладваць 20 тысяч тон. У такіх умовах - спецыяльная тэмпература, вільготнасць, мікраправетрыванне - бульба захоўваецца да наступнага ўраджаю.

Убіраюць аграрыі і лён. Сёлета ў рэгіёне пад беларускі шоўк выдзелілі амаль 5 тысяч гектараў і не пралічыліся.

Ураджайнасць льнонасення на 25 % вышэйшая ў параўнанні з мінулым годам. А гэта значыць, што ў наступным годзе патрэбнасці рэгіёна ў насенным матэрыяле гаспадаркі цалкам закрыюць сваімі сіламі.

Брэсцкая вобласць.

Расказвае Вікторыя Патоня.

Уборачная кампанія ў Брэсцкай вобласці наблізілася да фінішу. Засталося ўбраць менш за 1 %. У гэтым сезоне аграрыі рэгіёна намалацілі больш збожжа, чым летась. Гэта мільён 210 тысяч тон.

У большасці гаспадарак камбайны ўжо паркуюць на мехдвары. Тэхніку прыводзяць у парадак да новага сезона. Збіраюць апошнія зярняткі на поўначы вобласці. Для птушкафабрыкі "Дружба" збожжавыя - важны кармавы запас. На ўтрыманне птушкі толькі за суткі ідзе звыш 300 тон прадукту. Плошчы прадпрыемствы вялізныя. На ўборачнай былі задзейнічаны 26 экіпажаў. Адзін з іх - адзіны ў рэгіёне - намалаціў 3 тысячы тон збожжа. Камбайнеры Віталь Цівунчык і Іосіф Шкода гавораць, што сакрэт поспеху - у зладжанай працы ўсяго калектыва: ад сяўбы да сушкі.

Птушкафабрыка на 65 % забяспечвае сябе ўласным збожжам, астатняе закупляе. Гавораць, сёлета атрымалі больш важкі каравай.

Днямі ў гаспадарцы пачнуць трэці ўкос травы. Палі, дзе сабралі ўраджай, ужо зараз рыхтуюць для закладкі новага. На прадпрыемстве траціна плошчаў, адведзеных пад зімавы рапс, ужо засеяна.

Сяўбу зімовага рапсу пачалі ўсе гаспадаркі рэгіёна. Культура прыбытковая. Некаторыя прадпрыемствы нават павялічылі пасяўныя плошчы. Усяго ў Брэсцкай вобласці запланавана засеяць зімовым рапсам 55 тысяч гектараў.

Гродзенская вобласць.

Расказвае Дзмітрый Смірноў.

У Гродзенскім рэгіёне ўборачная кампанія практычна завершана. Гаспадаркі ўшчыльную падышлі да 90 % убраных палёў. Дарэчы, і ўраджайнасць, і агульны вал збожжа ў гэтым сезоне прымушаюць аграрыяў радавацца і называць збожжа няйнакш як "залатым".

Толькі ў Гродзенскім раёне тры гаспадаркі ўзялі рэкорд у больш як 100 цэнтнераў з гектара, а хлебны каравай усёй Гродзенскай вобласці перавысіў леташні на некалькі дзясяткаў тысяч тон. Адным з першых галоўнае хлебнае свята - дажынкі - адзначыў Бераставіцкі раён.

За спінай Віктара ўжо дзясяткі, калі не сотні тысяч гектараў палёў, сабраны тысячы тон збожжа. Шчыра прызнаецца, што ведае мала настолькі высакародных прафесій, як вырошчваць і ўбіраць хлеб.

Заслужанае свята - гэтае яшчэ і віншаванне. Беларуская федэрацыя прафсаюзаў фактычна разам з камбайнерамі правяла гэтыя тыдні ў палях.

Павіншавалі аграрыяў сёння вялікім канцэртам рэспубліканскай акцыі "Мы разам". Аднак разам з завяршэннем уборачнай гарачая пара для аграрыяў не заканчваецца.

Шматлікія гаспадаркі Гродзенскага рэгіёна ўжо вывелі сельгастэхніку ў палі, каб падрыхтаваць зямлю да сяўбы новага ўраджаю і азімых.