Ураджай-2016 у Чэрвеньскім і Бярэзінскім раёнах пад пагрозай

14 марта 2016

Ураджай-2016 у двух раёнах Мінскай вобласці - Чэрвеньскім і Бярэзінскім - пад пагрозай. Прычына - у няякасным захоўванні ўдабрэнняў на адным са складоў. Амаль тысяча тон калію і фосфару размешчаны пад дзіравым дахам і значыць, трапляюць пад дождж, снег і талыя воды. А гэта значна пагаршае якасць дарагіх мінералаў. Аляксандр Харавец - аб сумнеўным клопаце пра будучы ўраджай.

Адсутнасць шкла у вокнах, дзіравы дах і гразь замест бетоннай падлогі. Гэта першае, што кідаецца ў вочы, калі заходзіш на склад. У гэтым памяшканні захоўваюцца ўдабрэнні для гаспадарак Чэрвеньскага і Бярэзінскага раёнаў. Яго умяшчальнасць 4 тысячы тон.

Акрамя гэтага, вільгаць шкодзіць удабрэнням. Падмочаную сітуацыю паспрабавалі выправіць пры дапамозе апілкаў. Аднак талыя воды ўсё роўна падступаюць да дарагіх хімічных сродкаў. У выніку сыпучыя мінеральныя дабаўкі становяцца каменнымі.

Значны ўрон ад удабрэнняў атрымала і прылеглая тэрыторыя. Так, паблізу ад складу знаходзіцца сцёкавая канава, вада ў якой мае ярка-чырвоны колер ад хімікатаў.

Сёння на будынку, узведзенаму 30 гадоў таму, дэфармаваліся пліты перакрыцця і ў любы момант могуць упасці на зямлю. Аб тым, што склад у аварыйным стане, кіраўніцтва раёна і вобласці папярэджвалі і кантралёры.

Кіраўніцтва аграсэрвісу запэўніла - у найбліжэйшы час лішкі ўдабрэнняў, а гэта прыкладна тысяча тон, адгрузяць гаспадаркам і пачнуць рамонт пабудовы.

Паводле папярэдніх падлікаў, рамонт зацягнецца на два месяцы і будзе каштаваць 400 мільёнаў рублёў. Паралельна абяцаюць навесці парадак і на прылеглай тэрыторыі. Каб нарэшце не проста своечасова забяспечваць гаспадаркі раёна ўдабрэннямі, а яшчэ і належнай якасці. Бо ад гэтай акалічнасці ў многім залежыць і будучы ўраджай.