Уборку зерневых у Беларусі плануюць скончыць да сярэдзіны жніўня

24 июля 2014

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі сёння падвялі прамежкавыя вынікі жніва. Ужо ўбрана пятая частка палёў. На баку аграрыяў і дадатковая тэхніка, і надвор'е. Калі ўмовы надвор'я не ўнясуць карэктывы, то аграрыі абяцаюць укласціся ў 20-дзённы тэрмін. У дзень камбайны праходзяць да 90 тысяч гектараў. У ідэале паказчык трэба павялічыць да 120. Зрэшты, у Віцебскай вобласці ўборка яшчэ фактычна не пачатая. Усяго хлебаробам трэба будзе апрацаваць два мільёны гектараў зерневых.


Аб лідарах жніва і новых тысячніках - у рэпартажы Дар'і Белавусавай-Пятроўскай. Сёння на палях Шклоўскага раёна было нязвыкла шумна і весела. Старт масавай уборцы зерневых даў адзін з найстаражытных святаў земляробаў Зажынкі. Раней нашы продкі дзякавалі зямлі за ўраджай, зразаючы першыя каласкі і захоўваючы іх цэлы год дома. Сучаснікі наладжваюць імправізаваны канцэрт і віншуюць першых тысячнікаў - тых, хто ўжо сабраў больш за тысячу тон збожжа.


Сёння ў Магілёўскай вобласці запаветную планку перасягнула 6 экіпажаў. Відавочны лідар - каманда Уладзіміра Корскака. Гэта ўжо трэцяя зорачка на яго камбайне. А некалькі гадоў назад ён паставіў сапраўдны рэкорд - намалаціў 5 тысяч тон збожжа. Сёлета, для новых перамог, узяў у памочнікі сына.


Сёння першыя тысячнікі з'явіліся і ў Мінскай вобласці. Гэта 4 экіпажы. Прычым адзін з іх - маладыя камбайнеры, якія зусім нядаўна перасягнулі 20-гадовы рубеж. Старшы ў камандзе - студэнт Мікіта. Працаваць на полі стаў яшчэ ў школе. Гэта яго пятая ўборачная. І пасля заканчэння вучобы ён мае намер вярнуцца ў родную гаспадарку.


Прамежкавыя вынікі ўборачнай сёння падвялі і ў галоўным аграрным ведамстве краіны. Паводле звестак Міністэрства сельскай гаспадаркі, ужо ўбрана пятая частка плошчаў.


Беларускія аграрыі намалацілі амаль два мільёны тон. За суткі сабрана 363 тысячы тон хлеба. Ураджайнасць павысілася - амаль 40 цэнтнераў з гектара. Лідары ўборкі - Гомельскі і Брэсцкі рэгіёны - набліжаюцца да паўмільённай адзнакі. Мінскія і Гродзенскія аграрыі сабралі амаль 20% новага ўраджаю. Карыстаючыся сухім і цёплым надвор'ем, актыўна ўключыліся ў жніво і паўночныя рэгіёны краіны.


Наперадзе - нямала працы. Хлебаробам яшчэ трэба будзе ўбраць 2 млн гектараў зерневых. Для гэтага на дапамогу аграрыям вылучана 3 сотні новых камбайнаў маркі Гомсельмаш. На палі яны павінны выйсці ўжо 1 жніўня.


Аб гэтым нагадаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нядаўняй сустрэчы з прэм'ер-міністрам краіны Міхаілам Мясніковічам. Дарэчы, яшчэ ў пачатку гарачай пары Кіраўнік дзяржавы заклікаў кіраўнікоў правесці цяперашняе жніво па-ваеннаму зладжана. Год выдаўся хлебным і на палях нельга пакінуць і грама збожжа. Акрамя новай тэхнікі, для больш эфектыўнай працы гаспадарак, урад, на час уборачнай даў аграрыям і іншыя перавагі.


Сёння за суткі ўбіраюць да 90 тысяч га зерневых. У ідэале трэба 120. Але нават з такімі тэмпамі скончыць уборку зерневых збіраюцца за 20 дзён, гэта прыкладна да сярэдзіны жніўня. Вядома, калі не падвядзе надвор'е. Бо збожжа ўбіраюць па меры паспявання.