Уборка збожжавых у Мінскай вобласці набліжаецца да фінішу

11 августа 2016

У засеках цэнтральнага рэгіёна намалочана ўжо больш за паўтара мільёна тон. Пры гэтым добрыя вынікі паказваюць не толькі паўднёвыя раёны - Нясвіжскі, Дзяржынскі або Клецкі, але і поўнач вобласці. Аляксей Кандраценка правёў адзін дзень з барысаўскімі аграрыямі і ўбачыў, як ўраджай не проста сабраць і захаваць, але і зрабіць з яго незаменны прадукт.

За 20 сезонаў 11 персанальных намалотаў звыш за тысячу тон! Ад такой аграрнай арыфметыкі, упэўнены камбайнер Дзмітрый Кукалеўскі, карысць і сабе, і сваёй гаспадарцы. Вось і ў гэты раз жніво праходзіць аператыўна. Пра тое, што гэты экіпаж - тысячнік, здалёку падкажа ярка-чырвоны флажок на борце камбайна.

Фронт работы ўсіх 12 экіпажаў гаспадаркі «Вялікія Навасёлкі» - пшаніца, жыта, авёс, а таксама зернебабовыя.

Барысаўскія землi, хоць і лічацца паўночнымі, але ад гэтага яны не нашмат саступаюць ў сельгасаддачы сваім паўднёвым суседзям па Мінскай вобласці. Ураджайнасць трыцікале на гэтым полі 49 цэнтнераў з гектара.

І гэты раз, наракаюць аграрыі, вынікі маглі быць вышэйшыя. Але з рэаліямі надвор'я не паспрачаешся.

Мікалай Голуб, галоўны аграном філіяла «Вялікія Навасёлкі» Барысаўскага камбіната хлебапрадуктаў: "Сёлета, як і ў мінулым, была засуха, асабліва ў перыяд наліву збожжавых. Па ўраджайнасці збожжа сярэдняя складае - 47 цэнтнераў з га, але асобныя ўчасткі атрымліваліся па 70".

Зерне трапляе на Барысаўскі камбінат хлебапрадуктаў. Дарэчы, сюды ж прывозяць і збожжавыя з усёй Мінскай вобласці. За дзень тут могуць прыняць, праверыць і засыпаць для ачысткі і сушкі ў элеватары да 5 тысяч тон збожжа. У залежнасці ад якасці яно становіцца фуражным - для вытворчасці камбікорму. Ці харчовым. З яго зробяць паўфабрыкаты для выпечкі. Але большая частка мукі ў выніку ператворыцца ў аснову для макаронаў. Прадукцыя філіяла - самая запатрабаваная і масавая ў Беларусі: у Барысаве вырабляюць 70% макаронных вырабаў з айчыннай сыравіны.

Між тым, уборачная кампанія ў Мінскай вобласці завершыцца ў найбліжэйшыя два тыдні. Адначасова ідзе падрыхтоўка глебы для сяўбы азімых збожжавых культур. Усе работы правядуць ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны.